25 красавiка 2024, Чацвер, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Тэракт у Стамбуле ўчынілі грамадзяне Расеі, Кыргызстана і Узбекістана

5
СМІ: Тэракт у Стамбуле ўчынілі грамадзяне Расеі, Кыргызстана і Узбекістана
Фота: Getty Images

Падазраваны ў арганізацыі тэракту жыхар Чачэніі ў свой час арыштоўваўся ўладамі Грузіі.

Адзін з тэрарыстаў-смяротнікаў, якія ўчынілі выбух у аэрапорце Стамбула, мог быць выхадцам з Чачэніі, паведамляе ў чацвер, 30 чэрвеня, газэта Hurriyet (пераклад - DW).

Выданне называе ягонае імя - Асман Вадзінаў. Турэцкія спецслужбы мяркуюць, што ён прыбыў у краіну з сірыйскага горада Ракка. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.

Тэракт у аэрапорце Стамбула, ахвярамі якога сталі 43 чалавекі, зладзілі трое смяротнікаў c грамадзянствам Расеі, Узбекістана і Кыргызстана. Пра гэта заявіў турэцкі чыноўнік, паведамляе Reuters (пераклад - РБК).

Суразмоўца агенцтва адмовіўся даць іншыя дэталі. Ён размаўляў з Reuters на ўмовах ананімнасці, бо падрабязнасці расследавання яшчэ не былі апублікаваныя. Раней ён казаў, што следчыя спрабуюць апазнаць ваеўнікоў праз іхнія парэшткі.

Між тым іншая турэцкая газэта Yeni Safak піша са спасылкай на крыніцы ў паліцыі, што арганізатарам тэракту ў Стамбуле стаў выхадзец з Чачэніі Ахмед Чатаеў, а трое смяротнікаў былі выхадцамі з Дагестана, Кіргізіі і Узбекістана. Агулам, паводле звестак Yeni Safak, у падрыхтоўцы тэракту ўдзельнічалі восем чалавек, з якіх трое былі яго выканаўцамі, адзін ужо затрыманы, а яшчэ чатырох шукаюць.

Паводле звестак расейскіх праваахоўнікаў, Ахмед Чатаеў (Аднарукі) з'яўляецца галоўным вербавальнікам расейцаў у шэрагі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Ён камандуе спецыяльнай філіяй для падрыхтоўкі тэрактаў у Расеі і ў Еўропе, заяўляў раней дарадца старшыні Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта РФ Андрэй Пржаздомскі. Чатаеў 12 гадоў таму ўцёк ад расейскіх праваахоўнікаў за мяжу, атрымаў статус уцекача ў Аўстрыі, а затым пасяліўся ў Турцыі.

Паведамлялася, што Чатаеў кіраваў у Сірыі вялікім аддзелам баевікоў, сфармаваным у асноўным з ліку ураджэнцаў рэспублік Паўночнага Каўказа.

Выхадзец з Чачэніі Ахмед Чатаеў калісьці быў арыштаваны падчас контртэрарыстычнай аперацыі ў Грузіі ў той час, калі Міхаіл Саакашвілі, які цяпер з'яўляецца губернатарам Адэскай вобласці, займаў пасаду прэзідэнта краіны. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Калі менавіта быў арыштаваны Чатаеў, Саакашвілі не ўдакладніў. Паводле ягоных слоў, у 2012 годзе Чатаеў быў вызвалены, «бо шмат хто з новых урадавых лідараў абвясціў яго палітычным вязнем».

«Я ўсё яшчэ быў прэзідэнтам і моцна пярэчыў супраць ягонага вызвалення, але прысуд быў скасаваны пракуратурай», - заявіў Саакашвілі.

Тэракт у аэрапорце Ататурк у Стамбуле адбыўся ўвечары 28 чэрвеня. У выніку яго загінулі 43 чалавекі, яшчэ 243 чалавекі пацярпелі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках