29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Тры нулі можа любы дурань закрэсліць

15
Леанід Заіка: Тры нулі можа любы дурань закрэсліць
ЛЕАНІД Заіка
ФОТА: BELARUSPARTISAN.ORG

Каб нацыянальная валюта ізноў не абрасла нулямі, уладам трэба мяняць эканамічны курс краіны.

Эканаміст Леанід Заіка апавёў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя», ці своечасова ў краіне правялі дэнамінацыю.

– Ці гатовы беларускі народ да дэнамінацыі?

– Беларускі народ уладамі ўвогуле ў разлік не браўся. Увогуле, дэнамінацыя – тэхнічная мера, каб не выглядаць смешнымі ў параўнанні з іншымі краінамі. Існуе ўсеагульны эквівалент – амерыканскі даляр, а любая грашовая адзінка павінна знаходзіцца блізка да гэтай велічыні. Кратная розніца вызначаецца прадукцыйнасцю працы. Таму тут усё проста.

У ранейшыя часы ў ЗША была ў чатыры разы больш высокая прадукцыйнасць працы, чым у СССР. Паводле асноўных відаў навукова-тэхнічнага напрамку прадукцыйнасць працы суадносілася як адзін да двух, калі браць найбольш перадавыя сферы – медыцыну, фармацыю, ракетную тэхніку. Вось і ў Беларусі курс рубля да даляра – адзін да двух. Калі вытрымае – значыць добра. Як вы думаеце, што нам цяпер яшчэ важна зрабіць?

– Утрымаць інфляцыю...

– Гэта і так зразумела, яе будуць стрымліваць. Цяпер у людзей зарплата – 300 даляраў, а ў наступным годзе будзе 306. Таму хай на светлую будучыню народ не спадзяецца, ён павінен быць гатовы да горшага. А вось нам з вамі трэба пераканаць расейцаў таксама правесці дэнамінацыю – закрэсліць два нулі на рускай грашовай адзінцы. Тады ў іх будзе за 1 даляр 67 капеек, як было пры Сталіне. А яны вельмі хочуць жыць, як пры Сталіне.

– Ці своечасова ў Беларусі правялі дэнамінацыю?

– Яе трэба было яшчэ раней рабіць. Неяк я пісаў, што тры нулі можа любы дурань закрэсліць, а вось чатыры – прафесійная праца. Мабыць, нашы чыноўнікі адчулі сябе прафесіяналамі. А чаму раней не праводзілі? Не маглі разабрацца ў сітуацыі, не было больш-менш кемлівага кіраўніцтва ў Нацбанку. Калі б раней гэтым банкам кіравала моцная асоба, нулі закрэслілі б даўно, і рубель да даляра быў бы ў прапорцыі адзін да аднаго. Але лепш позна, чым ніколі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках