1 траўня 2024, Серада, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рамуальд Шарамецьеў: Беларусь – сэрца еўрапейскай бяспекі

21
Рамуальд Шарамецьеў: Беларусь – сэрца еўрапейскай бяспекі
Рамуальд Шарамецьеў
ФОТА: CONT.WS

Польшча хоча бачыць у Беларусі вольную і дэмакратычную суседку.

Пасля саміту NATO ў Варшаве «Белсат» зрабіў інтэрв'ю з экс-намеснікам міністра абароны Польшчы Рамуальдам Шарамецьевым.

– Ці паўплываюць вынікі саміту NATO на бяспеку Польшчы і Цэнтральнага рэгіёну?

– Не толькі Польшчы. Я пагаджуся з прэзідэнтам Абамам, які гаварыў пра асноўную ролю Польшчы ў рэгіёне, калі казаць пра гарантыі бяспекі. Сапраўды – на Польшчу ўскладзены такі абавязак. Таму так – пастановы, прынятыя на гэтым саміце, сапраўды важныя, а што мяне ў іх радуе больш за ўсё – дык гэта факт вайсковага ўзмацнення краінаў Балтыі. Бо ў нашым выпадку батальён, які з'явіцца ў Польшчы – а гэта каля тысячы салдатаў, – не з'яўляецца сур'ёзным узмацненнем, бо польскае войска налічвае значна больш. Але для літоўцаў, латышоў і эстонцаў тысяча салдатаў – гэта ўжо сур'ёзная рэч. Да таго ж гэта салдаты іншай дзяржавы, што дае гэтым краінам гарантыю таго, што тыя ж дзяржавы ўцягнутыя ў іх абарону – і гэта істотна.

– Ці не спалохалася гэтых чатырох батальёнаў Расея?

– Вядома ж, не. Калі казаць пра еўрапейска-расейскія адносіны, то вызначальным момантам тут з'яўляецца тое, што Расея разумее сваю няздольнасць перамагчы патэнцыял NATO. Ды і натуральна, не павінна дайсці да таго, каб гэты патэнцыял быў выкарыстаны. Гэта – першае. Па-другое, я не думаю, што Расея адмовіцца ад сваёй палітыкі, яна будзе шукаць спосабы раз'яднаць NATO – пасварыць і падзяліць. І для мяне гэты саміт з'яўляецца доказам таго, што на дадзены момант Расея гэтага зрабіць не змагла, і гэта вельмі істотны сігнал. І на гэта абапіраюцца нашыя гарантыі бяспекі на сучасны момант.

– Гарантыяй бяспекі Польшчы на сённяшні момант з'яўляецца пяты артыкул трактата NATO, дзе ідзе гаворка пра тое, што ўсе за аднаго і адзін за ўсіх. Набывае гэты артыкул новы сэнс пасля падзей ва Украіне?

– Увесь час падымаецца пытанне гэтага пятага артыкула. Натуральна, саміт пацвердзіў гэты запіс, але я ўвесь час падкрэсліваю, што ў Вашынгтонскай дамове перад пятым артыкулам ёсць яшчэ трэці, які кажа пра тое, што кожная краіна-ўдзельніца павінна клапаціцца пра ўласны абарончы патэнцыял. Бо ў гэтым і ёсць сіла звязу – што мы ўсе ўносім свае патэнцыялы. Я мяркую, што гэты абавязак ляжыць на Польшчы, але таксама і на іншых краінах рэгіёну – такім чынам развіваць свае ўзброеныя сілы, каб гэтае запалохванне Крамля на нас не рабіла ўражання.

– Які статус Беларусі больш карысны для бяспекі ў нашым рэгіёне?

– Я перакананы, што Беларусь мае асноўную ролю ў бяспецы гэтага рэгіёну. Калі ўспомнім гісторыю і мінулыя войны, то Польшча заўсёды была ахвярай удараў, якія ідуць праз Беларусь. Ці мы ў часы існавання Рэчы Паспалітай – Польшча, Белая Русь, Чырвоная Русь і Літва – былі ў адной дзяржаве і, абараняючыся або атакуючы, – таксама ішлі праз гэты рэгіён. Сэрца еўрапейскай бяспекі – гэта Беларусь. І пытанне ў тым, якую ролю будзе мець Беларусь: ці будзе дзяржавай у структуры заходніх, незалежных краінаў, ці будзе расейскай губерняй і такім плацдармам, дзе Расея зможа расстаўляць свае дывізіі перад маршам на Захад. Гэта сур'ёзная праблема, якая стаіць перад Беларуссю, перад Захадам. Якім чынам Беларусь будуе сваю палітыку, у тым ліку замежную палітыку. Мне здаецца, што з польскага боку пачалі заўважаць, разумець ролю Беларусі. І цяпер пытанне ў тым, як аб'яднаць адно з адным. Гэта значыць дзейсныя ўлады Беларусі і ўплыў, які аказваецца Расеяй на Беларусь, а з другога боку – усведамленне, думаю, усё большай колькасці беларусаў таго, што Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг з'яўляюцца як бы найлепшым выбарам.

– Ці пагражае NATO Беларусі?

– Ні ў якім разе. Гэта значыць, расейскі бок рэгулярна кажа пра тое, што нібыта Польшча збіраецца, да прыкладу, Гарадзеншчыну ці Брэстчыну забраць. Гэта, натуральна, глупства. Польшча не толькі не мае намераў каго-небудзь атакаваць, але і больш за тое – мы мяркуем, што не варта мяняць аднойчы пэўных межаў. Бо пасля адной такой змены могуць адбыцца наступныя і наступныя, а пасля мы атрымаем вайну ў Еўропе. Але калі мы зробім так, як мы маем у Еўразвязе, што межы не падзяляюць, што людзі, якія жывуць па абодва бакі, могуць без праблемаў сустракацца, квітнее гандаль, транспарт ідзе без перашкодаў, – гэта было б найлепшым выйсцем. Таму Польшча хацела б мець вольную і дэмакратычную суседку, якая будзе часткай Захаду, і гэтага нашым беларускім братам я зычу ад усяго сэрца.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках