19 траўня 2024, Нядзеля, 3:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Армяне пра захоп паліцэйскага ўчастка: «Людзі стаміліся ад нязменнасці ўлады»

11

Цягам усяе нядзелі ў Ерэване ўлады працягвалі перамовы з апазіцыянерамі, якія захапілі закладнікаў у будынку паліцыі.

У ноч на нядзелю ў Ерэване блізу 30 прыхільнікаў апазіцыйнага руху «Устаноўчы парламент» пратаранілі на грузавіку браму палка патрульна-паставой службы паліцыі Арменіі, напалі на паліцэйскіх і захапілі блізу дзесятка закладнікаў. У выніку адзін паліцэйскі загінуў, яшчэ два чалавекі атрымалі раненні. Двух закладнікаў удалося вызваліць.

ФОТА: MELIK BAGHDASARYAN/REUTERS

Як распавёў РБК дэпутат армянскага парламента ад апазіцыйнай фракцыі «Армянскі нацыянальны кангрэс» Нікол Пашынян, апазіцыянеры патрабуюць вызвалення свайго лідара Жырайра Сефіляна, адстаўкі прэзідэнта і фармавання ўрада нацыянальнай згоды.

Сефілян быў арыштаваны месяц таму паводле абвінавачвання ў арганізацыі групай асоб незаконнага набыцця, перавозкі і захоўвання зброі і боепрыпасаў.

Сефілян - вядомы чалавек у Арменіі, адзін з герояў карабахскай вайны, які змагаўся за свабоду Карабаха і ўдзельнічаў у вызваленні Шушы, нагадвае армянскі палітолаг, дырэктар Ерэванскага Аналітычнага цэнтра глабалізацыі і рэгіянальнага супрацоўніцтва Сцяпан Грыгаран. Апошнія гады Сефілян пачаў займацца палітыкай і дастаткова жорстка крытыкаваў дзейную ўладу. Ён і яго прыхільнікі з руху «Устаноўчы парламент» не выключаюць любыя формы барацьбы, у тым ліку сілавую, адзначае Грыгаран. Прад'яўленыя яму абвінавачванні цяжка назваць абгрунтаванымі, дадаў экспэрт.

Рэакцыя ўладаў

Праваахоўныя органы працягваюць перамовы з узброенымі асобамі і будуць весці іх да таго часу, пакуль не страцяць надзею на мірнае развязанне інцыдэнту, перадае мясцовае агенцтва ArmInfo словы першага намесніка кіраўніка паліцыі Арменіі Унана Пагасян.

Вядучыя ў Ерэван трасы ўзятыя пад кантроль сілавікамі - узброеныя паліцыянты правяраюць аўтамабілі.

ФОТА: HRANT KHACHATRYAN/PAN PHOTO/AP

Падраздзяленні спецназа былі прыведзены ў стан баявой гатоўнасці, аднак загаду аб штурме або правядзенні іншых актыўных дзеянняў не паступала, гаворыцца ў паведамленні Службы нацыянальнай бяспекі (СНБ) Арменіі. СНБ назвала людзей, якія захапілі будынак паліцыі, тэрарыстамі.

«Становішча ў горадзе напружанае. Палітычныя актывісты, якія захапілі полк, рыхтуюцца да штурму, аднак паліцыя кажа, што пакуль рашэнне штурмаваць мяцежнікаў не прынятае», - распавёў РБК дэпутат Пашынян. З ягоных слоў, захопнікі не збіраюцца адступаць у выпадку атакі.

Нестабільная сітуацыя

За апошнія восем гадоў нічога падобнага на тэракт у Арменіі не адбывалася, адзначае палітолаг Сцяпан Грыгаран. Аднак на фоне цяжкай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, нязменнасці ўлады і неадэкватнай рэакцыі ўладаў на незадаволенасць грамадства адбываецца радыкалізацыя настрояў. У выніку цярпенне лопаецца, і самыя актыўныя апазіцыйныя групы пераходзяць да сілавых дзеянняў, дадаў ён.

Каталізатарам незадаволенасці грамадства сталі красавіцкія падзеі ў Карабаху, падкрэсліў Грыгаран. Аднак гэта не класічны тэрарыстычны акт, у паўстанцаў ёсць выразныя палітычныя патрабаванні, падкрэслівае палітолаг.

Тое, што адбываецца ў Ерэване - вынік таго, што ўлады страцілі сувязь з насельніцтвам, упэўнены экспэрт. Ён падкрэслівае, што «адказнасць улады за сілавыя дзеянні апазіцыі вельмі высокая».

ФОТА: АРТУР ЕСАЯНЦ/РІА "НОВОСТИ"

Палітычная сітуацыя нестабільная апошнія тры гады. Пасля палітычных пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, дзе перамог дзейны прэзідэнт Саргсян, хваляванні ў Арменіі ў асноўным тычыліся эканамічнай сітуацыі. Улетку 2015 года ў Ерэване, Гюмры і іншых гарадах прайшлі акцыі супраць павышэння тарыфаў на электраэнэргію. Вынікам стаў продаж кампаніі «Электрычныя сеткі Арменіі» армянскаму мільянеру Самвелу Карапецяну.

Яшчэ адной нагодай для пратэстаў стала забойства расейскім вайскоўцам Валерыем Пермяковым сям'і Авецісян у Гюмры ў студзені 2015 года. Спачатку ў Гюмры, а потым і ў Ерэване прайшлі акцыі з патрабаваннем судзіць Пермякова армянскім судом. У выніку Пермякоў быў перададзены армянскаму суду.

Аднак ярка выяўленых палітычных пратэстаў у апошнія гады не было.

Палітыка Саргсяна

Улады засяродзіліся на канстытуцыйнай рэформе, якая была ўхвалена на рэферэндуме ў снежні мінулага года і прапаноўвае пераразмеркаванне паўнамоцтваў ад прэзідэнта да парламента. Апазіцыя сцвярджае, што гэта трэба для захавання ва ўладзе Сержа Саргсяна, які можа ўзначаліць урад. Саргсян не зможа балатавацца на новы тэрмін у 2018 годзе, а змяненне Канстытуцыі дазволіць яму застацца ва ўладзе ў якасці прэм'ер-міністра, які ў парламенцкай рэспубліцы фактычна з'яўляецца першай асобай у дзяржаве.

У наступным годзе ў Арменіі павінны прайсці чарговыя парламенцкія выбары. На выбарах 2012 года перамогу атрымала Рэспубліканская партыя, лідарам якой з'яўляецца Саргсян. За яе прагаласавалі 44% выбарцаў, што дазволіла заняць 69 з 131 месца ў парламенце. Другую па колькасці фракцыю сфармавала партыя «Квітнеючая Арменія» мільянера Гагіка Царукяна, якая атрымала 37 месцаў.

У парламент прайшлі яшчэ чатыры партыі: тры апазіцыйныя - Армянскі нацыянальнай кангрэс, «Спадчына», «Краіна законнасці» (Орынац Еркір), у якіх разам 18 месцаў у парламенце, - і «Армянская рэвалюцыйная федэрацыя Дашнакцуцюн», у якім пяць мандатаў. У лютым гэтага года Рэспубліканская партыя падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве ў парламенце з Дашнакцуцюн.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках