18 траўня 2024, Субота, 17:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталічны ІП: Праз недапасаванне ў законах атрымаў штраф 42 мільёны «старых» рублёў

17

У прадпрымальніка на руках былі ўсе патрэбныя дакументы на тавар, але яму ўсё адно выпісалі штраф.

У няпростую сітуацыю трапіў ўладальнік ТДА «Интэрсум» Сяргей Сумараў. Прадпрымальнік купіў абутак у расейскага вытворцы. Той падаў усе патрэбныя дакументы, у тым ліку і сэртыфікаты Мытнага саюза, піша onliner.by. У Беларусі кантралёры з Дзяржстандарту прыйшлі да высновы, што абутак не адпавядае тэхрэгламенту, і пакаралі прадаўца. Хоць паводле пагаднення ЕАЭС адказнасць павінен несці вытворца прадукцыі.

Сяргей Сумараў гандлюе абуткам расейскай кампаніі «Юта». Агулам з 1 студзеня да 24 чэрвеня іхняя з братам фірма прадала 556 пар дзіцячага абутку на 40,7 млн недэнамінаваных рублёў.

- Увесь абутак я прывёз з фабрыкі, мне выдалі ўсе сэртыфікаты, як мае быць. Абутак, паводле дакументаў, адпавядаў тэхрэгламенту Мытнага саюза, - тлумачыць Сяргей. - Я прадаўцу свайму давяраю. Працуем мы ўжо даўно.

Але кантралёры прыйшлі да высновы, што абутак усё ж не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту.

- Перавышэнне дапушчальнага ўкладання хімічных валокнаў у тэкстыльным матэрыяле падшэўкі і ўкладной вусцілцы дзіцячага абутку больш за 20%, - такія высновы зрабіла камісія.

- Вядома, што вызначыць праз вонкавы выгляд або навобмацак гэтыя перавышэнні я не мог, - кажа прадпрымальнік. - Кантралёры мне сказалі, маўляў, чаму я не замовіў паўторную экспэртызу. А навошта? Кожны адэкватны чалавек, маючы сэртыфікаты, якія выдалі акрэдытаваныя расейскія лабараторыі, не стаў бы гэтага рабіць. Больш за тое, паводле дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе гэта і не трэба.

Але суд на падставе ўказа прэзідэнта №48 прыняў пастанову: Андрэй Сумараў вінаваты ў тым, што дапусціў выданне ў абарачэнне і рэалізацыю абутку, які не адпавядае тэхрэгламенту. Пакаранне - штраф на 200 базавых адзінак, або 42 млн (4200) недэнамінаваных рублёў. Персанальны штраф 4,2 млн (420) атрымаў і Сяргееў брат як дырэктар. А ўся партыя тавару на 40,7 млн сканфіскаваная і падлягае знішчэнню.

- Вядома, што прысуд я буду аспрэчваць. Я толькі за правы спажыўцоў і выкананне жорсткіх патрабаванняў, асабліва што да дзіцячага абутку, - кажа бізнэсовец. - Але я не мушу несці адказнасць за вытворцу. Бо ў абарачэнне на тэрыторыю Мытнага саюза ён выпусціў гэтую прадукцыю ён, а не я. Я толькі прадавец.

Я стаў ахвярай недапасавання заканадаўства, - працягвае Сяргей. - Мяркуйце самі. У нас ёсць дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Яна абвяшчае, што адказнасць за выданне ў абарачэнне прадукцыі з парушэннем тэхрэгламенту вызначаюць краіны-ўдзельніцы. У Беларусі для гэтага і напісаны ўказ №48. І ў гэтых двух дакументах ёсць недапасаванні ў вызначэнні.

Згодна з дадаткам №9 да Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 траўня 2014 года ў пратаколе аб тэхнічным рэгуляванні ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза п.2 ўжываецца панятак «выданне прадукцыі ў абарачэнне» - пастаўка або ўвоз прадукцыі (у тым ліку адпраўка са склада вытворцы або адпраўка без складавання) з мэтай распаўсюджвання на тэрыторыі Саюза падчас камерцыйнай дзейнасці бязвыплатна ці за плату.

А ва ўказе прэзідэнта №48 ад 9.02.2015 дададзеная фраза «ў тым ліку і рэалізацыя». Гэта значыць за выданне ў абарачэнне ўважаецца не проста пастаўка, а нават рэалізацыя. Вось і выходзіць паводле ўказу, што я ўвожу абутак з Расеі і такім чынам зноў «выдаю яго ў абарачэнне на тэрыторыі Мытнага саюза», а значыць, нясу адказнасць за якасць. Але гэта ж супярэчыць дамове аб Мытным саюзе. Сэнс ствараць тэрыторыю са вольным абарачэннем тавараў і патрабаваць другі раз выдаваць тавар у нашай краіне?

Цяпер Сяргей Сумараў напісаў звароту ў Дзяржстандарт, адміністрацыю Лукашэнкі, Мінэканомікі, Мінюст, Дзяржаўны мытны камітэт і Еўрапейскую эканамічную камісію.

- Недапасаванні ў законе датычыцца ўсіх, варта толькі Дзяржстандарту ўзяцца за дакладнае выкананне заканадаўства - і можна прыцягнуць да адказнасці процьму прадаўцоў, якія даверыліся вытворцам і сэртыфікаваным расейскім лабараторыям. Між тым самі вытворцы так ні за што і не адкажуць, - высноўвае прадпрыемец.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках