26 красавiка 2024, Пятніца, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: У вольнай Беларусі будзе свой Дзень незалежнасці

44
Андрэй Саннікаў: У вольнай Беларусі будзе свой Дзень незалежнасці

Дыктатарскія «святы» адыдуць у нябыт разам з рэжымам.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

– 3 ліпеня ўлады ў чарговы раз збіраюцца правесці свой парад у Менску. Ці мае гэтая дата нейкае дачыненне да незалежнасці Беларусі?

– Гэтая дата не мае ўвогуле ніякага дачынення да незалежнасці беларускай дзяржавы. Для мяне як карэннага менчука гэта заўсёды было днём вызвалення Менска.

І толькі ў такім сэнсе гэтая дата набывае значнасць. Святкавалася яна заўсёды годна: гэта было шэсце ветэранаў без усялякіх гульняў у вайсковыя парады і «дэманстрацый сілы» незразумела каму і навошта.

А незалежнасць Беларусі адлічваецца ад 1918 году, ад прыняцця 25 сакавіка дэкларацыі аб стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы. Потым да гэтага дадаліся іншыя значныя даты: 27 ліпеня 1990 г., калі Вярхоўным Саветам была прынятая Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі, і 25 жніўня 1991 г., калі яна атрымала статус канстытуцыйнага закона.

Гэтыя тры даты і адлюстроўваюць этап руху Беларусі да незалежнасці і здабыцця нашай краінай суверэнітэту.

– Чаму замест іх рэжым Лукашэнкі навязвае беларусам іншую дату?

– Гэта цалкам лагічна: рэжым адзначае свае «дні», якія не маюць нічога агульнага з гісторыяй беларускай незалежнасці. Але сам факт пераносу святочных датаў мае значэнне для рэжыму. З гэтай жа прычыны пераймяноўваюцца і вуліцы.

Дыктатары схільныя да такіх «капрызаў», асабліва лацінаамерыканскія кіраўнікі. У нас матывы дыктатарскага рэжыму шмат у чым падобныя: перайменаваць вуліцы, паказаць, што ты маеш уладу і можаш ёй карыстацца, нягледзячы ні на гісторыю, ні на традыцыі.

З гэтай жа прычыны ў нас геральдычна недарэчныя афіцыйныя сцяг і герб. Усё гэта знаходзіцца ў адным рэчышчы: рэжым стварае сабе недарэчную атрыбутыку, якая разам з ім і адыдзе ў нябыт.

– 3 ліпеня па Менску пройдуць парадам і расейскія вайскоўцы, у тым ліку дэсантнікі з 76-й дывізіі, якія ўдзельнічалі ў акупацыі Крыма і Данбаса. Як Вы ацэньваеце гэты факт?

– Гэта ўвогуле смешна: нават свой «дзень незалежнасці» рэжым святкуе разам з акупацыйнымі войскамі. І калі раней мы казалі «акупацыйныя» ў нейкім сэнсе ўскосна (маючы на ўвазе, што расейскае войска прысутнічае на тэрыторыі Беларусі), то сёння мы гаворым гэта наўпрост, таму што гэтыя войскі акупавалі Крым.

Гэты парад – добрая дэманстрацыя тым палітыкам на Захадзе, якія спрабуюць уяўляць Лукашэнку самастойным «гульцом» або нават «пасярэднікам», што іхняе меркаванне памылковае. Дыктатар відавочна дэманструе, што яго кантралюе Крэмль, і Крэмль з'яўляецца адзіным хаўруснікам дыктатуры, але ніяк не Беларусі.

– Якая дата будзе святкавацца як Дзень незалежнасці ў вольнай і дэмакратычнай Беларусі?

– Для мяне дата 25 сакавіка з'яўляецца самай важнай для незалежнасці нашай краіны. Усё пачалося тады, у 1918 годзе, з спробы абвесціць незалежную дзяржаву.

Але і дзень 3 ліпеня застанецца ў гісторыі як дзень вызвалення Менска. Для мяне гэтая дата важная як для менчука. Я асабіста ведаю многіх людзей, якія яе святкавалі менавіта ў той дзень – 3 ліпеня 1944 года.

Усе даты будуць прыведзеныя ў адпаведнасць з іхняй значнасцю менавіта для гісторыі Беларусі, а не нейкага рэжыму ці суседняй дзяржавы.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках