Школьнікі знайшлі ў Слоніме рэшткі старажытных жывёлін
2- 2.07.2016, 16:14
- 14,967
Знойдзеныя рэшткі жывёлы XII-XI стагоддзяў.
Школьны лагер "Юны археолаг" СШ №2 Слоніма разам з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі другі год запар праводзіць улетку археалагічныя раскопкі на Слонімшчыне. Разам з юнымі археолагамі на раскопках працуюць малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Аляксандр Максімовіч і слонімская настаўніца Ірына Радзецкая, перадае «Радыё Рацыя».
Летась юныя археолагі вялі раскопкі на гарадзішчы ў вёсцы Талькаўшчыне Слонімскага раёна, а сёлета работа ідзе на гарадзішчы слонімскага мікрараёна Рэшчыцаў.
Са слоў Аляксандра Максімовіча, летась было ўскрыта толькі 10 квадратных мэтраў. Невялікі аб'ём тлумачыцца найперш складанай і цяжкай працай, якая была нялёгкай і для дарослага. Пласт быў насычаны камянямі і каранямі. Таму знаходак было мала.
Гэта некалькі кавалкаў ляпной керамікі, крыху большых за пазногаць вялікага пальца. Невыразныя. Такі вынік быў і ў 1979 годзе, калі гарадзішча даследавала археолаг Валянціна Вяргей. У Рэшчыцах таксама вялікіх знаходак юныя археолагі пакуль не знайшлі.
Але ўжо знойдзеныя рэшткі жывёлы XII-XI стагоддзяў. Праца ідзе. А налета раскопкі будуць праводзіцца ў сяле Нізах пад Слонімам.