Рада Сацінтэрна прыняла рэзалюцыю аб Беларусі
1- 2.07.2016, 16:52
- 15,744
Рада Сацінтэрна пацвярджае сваю падтрымку і салідарнасць з дэмакратычнай апазіцыяй у Беларусі.
Пра гэта адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч напісаў у «Фэйсбуку», паведамляе charter97.org.
«Толькі што Рада Сацінтэрна, нягледзячы на пратэсты прадстаўніка «Справядлівай Расеі», які нават успомніў пра свае беларускія карані, прыняла рэзалюцыю аб Беларусі.
Рада Сацыялістычнага інтэрнацыяналу
Жэнева, 1-2 ліпеня 2016 года
Рэзалюцыя аб Беларусі
Рада Сацінтэрна пацвярджае сваю падтрымку і салідарнасць з дэмакратычнай апазіцыяй у Беларусі, у асаблівасці партыі-чальцу Сацінтэрна БСДП «Народная Грамада» і яе лідару Мікалаю Статкевічу. Мы асуджаем сталае здушэнне, крымінальны пераслед апазіцыі прэзідэнтам і ягоным рэжымам, што ўвесь час скарачае прастору для грамадскага дыялогу і дыскусіі ў краіне.
Рада вітае даўно запозненае вызваленне Статкевіча з турмы пасля чатырох гадоў і васьмі месяцаў адвольнага пазбаўлення волі, цягам якіх СІ праводзіў кампаніі для яго вызвалення, і вітае яго мужнае вяртанне да ролі лідара сярод дэмакратаў і апазіцыйных сілаў у Беларусі, нягледзячы на пагрозы ягонаму жыццю і свабодзе.
Хоць будучыя выбары дэманструюць рысы такога ж фарсу, як і папярэднія галасаванні, тым не менш СІ яшчэ раз падахвочвае урад Беларусі дазволіць свабодны і сумленны выбарчы працэс. Мы па-ранейшаму хочам мабілізаваць прыхільнікаў партый СІ, урады, міжнародныя арганізацыі ў надзеі на рэальныя перамены ў Беларусі», - гаворыцца ў паведамленні.