19 красавiка 2024, Пятніца, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарога дадому

53
Дарога дадому
Светлана Калинкина

Павел Шарамет метадычна ствараў сваю дарогу дадому. І марыў сустрэць старасць у асяроддзі дзяцей, унукаў і любых людзей.

Я настойліва адгаворвала яго пакідаць Беларусь. Я думала ўважала ад'езд Шарамета за няправільны, нелагічны, здрадлівы. Быць вядомым, аўтарытэтным, папулярным, першым у прафесіі на сваёй Радзіме, але ўсё пакінуць і пачаць з нуля на чужой зямлі з чужымі людзьмі?.. Дзеля чаго?! Чаму разумныя, адукаваныя і таленавітыя павінны пакідаць краіну, пакідаючы свабодную прастору для хамаў, няздараў і шэрасці?! Я не магла прыняць ягоны ад'езд, не магла з гэтым змірыцца.

Але на ўсе мае аргументы Павел адказваў адным: «У Беларусі мне працаваць не дадуць. Сітуацыя такая, што мне трэба альбо сыходзіць з прафесіі, ці з’язджаць. Я павінен з'ехаць, я не магу застацца, я вымушаны».

Прафесія для яго была вельмі важная, ён яе не проста любіў, ён жыў ёю. Ён не быў журналістам з 9.00 да 18.00, ён быў ім 24 гадзіны на дзень. І ён паехаў. Спачатку ў Расею, потым, калі і ў Расеі працаваць стала немагчыма, ва Украіну. Цяпер, пасля яго загубы, усім стала зразумела, што ж рэальна аб'ядноўвае нашы тры краіны - ва ўсіх трох быць сумленным, прынцыповым, некан'юнктурным - смяротна небяспечна. Але Павел, як я падазраю, зразумеў гэта значна раней.

«Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» - у інтэрв'ю, блогах, гутарках ён занадта часта з горкай іроніяй выкарыстоўваў гэтую фразу. І заўсёды прызнаваў, што эміграцыя - гэта вельмі складана, вельмі няпроста, што гэта адарваны з крывёй кавалак жыцця. Але ён змог! Пасля Беларусі яшчэ двойчы змог усё пачаць з чыстага аркуша і давесці, што ён у нашай прафесіі першы.

Шарамет выпраменьваў аптымізм, выдатна ведаў Расею, Украіну, Грузію, Абхазію, Прыднястроўе, ён стаў там сваім, што вельмі рэдка атрымліваецца ў эмігрантаў, але ўсё ж перажываў, па-сапраўднаму перажываў, за Беларусь. Ён хацеў быць сваім сярод сваіх, ён зразумеў розніцу. Шарамет падтрымліваў стасункі з вядомымі палітыкамі, сустракаўся і знаёміўся з маладымі, разумеў, што наўрад ці зможа вярнуцца, што няма куды вяртацца, што Лукашэнка - гэта надоўга, але не губляў надзеі. «Сіла не ў сіле, сіла ў праўдзе», - казаў ён. І, дарэчы, вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што прафесійным дэвізам абраў цытату з Бібліі.

Ён павольна і метадычна ствараў сваю дарогу дадому. Кожны дзень займаючыся сайтам «Беларускі партызан», кожны дзень вышукваючы ў беларускай блог-сферы пробліскі думак, ідэй, асоб, размаўляючы з імі, тэлефанауючы, сустракаючыся пры кожнай магчымасці. Ён тлумачыў у Расеі, што Беларусь - не Расея, ён тлумачыў ва Украіне, што іх Майдан гэта не толькі іх Майдан. Падчас апошняга прыезду ў Менск ён купіў падручнік беларускай мовы. І, нягледзячы ні на што, усё ж такі марыў сустрэць старасць у дамку пад Менскам, у асяроддзі дзяцей, унукаў і любых людзей.

Аднойчы ён мне сказаў: «Ведаеш, Калінкіна, ты будзеш прыгожай старой, такой прыязнай бабуляй з добрымі зморшчынкамі. А я, хоць і пасівеў у 20 гадоў, старым сябе не ўяўляю».

Яму не наканавана было стаць старым. І неверагодна цяжкай, жудаснай, несправядлівай сталася дарога дадому.

Загуба Паўла скаланула ўсіх. І ва Украіне, і ў Расеі калегі Паўла, сябры Паўла сёння кажуць пра жудасную трагедыю. Але ў Беларусі для вельмі многіх людзей ягоная смерць - сапраўднае гора. Гора і для тых, хто яго ведаў, і нават для тых, хто яго не ведаў. Незаменная страта, непапраўная страта, бяда... Гэтым выбухам псяюхі вырвалі ў нас кавалак сэрца...

Паша, дзякуй, што ты быў. І даруй.

Святлана Калінкіна

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках