18 красавiка 2024, Чацвер, 4:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія ўлады знайшлі новы метад ашчады на пенсіянерах

9
Расейскія ўлады знайшлі новы метад ашчады на пенсіянерах

Пенсійны фонд вымеркуе на пенсіянерах у 2017 годзе да 12 млрд рублёў.

Улады прапаноўваюць працоўным пенсіянерам угоду - адмовіцца ад стандартнага пераразліку пенсій цяпер, каб атрымаць максімальны пераразлік у будучыні, піша РБК.

Урадавая камісія законапраектнай дзейнасці падтрымала ініцыятыву дэпутаткі-«адзінароскі» Раісы Кармазінай, якая прапануе працоўным пенсіянерам магчымасць часова адмовіцца ад штогадовага пераразліку пенсій у абмен на будучую выгаду. Пра тое, што законапраект быў падтрыманы на пасяджэнні камісіі 18 ліпеня, распавялі два яго ўдзельнікі. У выпадку прыняцця ініцыятыва Кармазінай дазволіць пенсійнаму фонду вымеркаваць да 12 млрд рублёў у наступным годзе і трохі палегчыць праблему росту дэфіцыту дзяржбюджэту. Але за гэтую ашчаду скарбу давядзецца расплаціцца ў будучыні.

Законапраект быў унесены ў Дзяржаўную думу ў красавіку сёлета, але да канца свайго шостага склікання парламент яго не разгледзеў. Пасля таго як ухвалены прававой камісіяй праект высноў будзе падпісаны кіраўніком апарата ўрада Сяргеем Прыходзькам, дакумент мае паступіць у Дзяржаўную думу - ужо новага склікання. Дума зазвычай прымае законапраекты, падтрыманыя урадам.

Ініцыятыва адрасаваная пенсіянерам, якія працуюць з заробкамі вышэйшымі за 18 тысяч рублёў («высокааплатным»), патлумачыла РБК Кармазіна. Паводле дзейных правілаў пенсіі такім працоўным пенсіянерам аўтаматычна пераразлічваюцца ў бок павелічэння штогод з 1 жніўня (пенсіянер за кожны новы адпрацаваны год атрымлівае дадатковыя пенсійныя балы і, адпаведна, набаўку да пенсіі). Гэты пералік не тое ж што індэксацыя, якую ў 2016 годзе пастанавілі для працоўных пенсіянераў не праводзіць. Пераразлік будзе праведзены і сёлета, аднак незалежна ад сумы заробку працоўнага пенсіянера максімальную колькасць пенсійных балаў, якія ён можа атрымаць пры такім пераразліку, - 3 (альбо 1,875, калі пенсіянер фармуе назапашвальную пенсію).

Гэта значна менш, чым калі б працоўны пенсіянер не стаў выходзіць на пенсію (працоўныя грамадзяне - непенсіянеры пры тых жа заробках атрымліваюць у 2016 годзе 7,83 бала, з 2021 года - 10 балаў). Пры вартасці аднаго бала ў 2016 годзе крыху большай за 74 рублі максімальная набаўка да пенсіі для працоўных пенсіянераў у гэтым годзе будзе крыху вышэйшай за 200 рублёў, зазначае Кармазіна. Таму яна і прапануе ўнесці папраўкі ў закон аб страхавых пенсіях, даўшы працоўным пенсіянерам права на час адмовіцца ад штогадовага пераразліку пенсій у бок павелічэння. Тыя, хто скарыстаецца такім правам, пазней атрымаюць максімальна магчымую набаўку да сваіх пенсій - 10 балаў (або 6,25 бала, калі гэта назапашвальная пенсія).

Кармазіна кажа, што ейная ініцыятыва сугучная прынятым раней пастановам у дачыненні да працоўных пенсіянераў: скасаваўшы дзеля ашчады бюджэту індэксацыю іхніх пенсій, дзяржава абяцала праіндэксаваць дапамогі на ўвесь памер назапашанай інфляцыі пасля таго, як пенсіянер перастане працаваць, нагадала дэпутатка. «Пенсіянер працуе, атрымлівае заробак - калі хоча, хай адмовіцца ад гэтых 3 балаў. А калі спыніць працу, у яго надыдзе страхавы выпадак, і ён за ўсе гэтыя гады зробіць сабе пераразлік і верне ўсе балы максімальна - колькі зарабіў, столькі і дадаткова налічаць. І гэта будзе больш чым 3 балы», - тлумачыць дэпутатка.

Першапачаткова законапраект задумваўся для жыхароў Сібіры і Далёкай Поўначы, дзе шмат работнікаў выходзіць на пенсію датэрмінова, у 40-50 гадоў, але, працуючы далей і атрымліваючы высокія заплаты, не могуць разлічваць на прыкметнае павелічэнне сваіх пенсій, распавяла Кармазіна. Але пазней дэпутатка наважыла распаўсюдзіць яго на ўсю Расею, бо ў такой жа сітуацыі апынаюцца, напрыклад, ліпецкія металургі, кажа яна.

Бюджэтны разгалак

Са слоў Кармазінай, ініцыятыва будзе выгадная не толькі працоўным пенсіянерам, але і дзяржаве, якая выдаткоўвае 3 трлн рублёў штогод на трансфэрт дэфіцытнаму Пенсійнаму фонду. «Кожнаму з тых, хто адмовіўся ад пераразліку, яна зможа не даплачваць гэтыя 200 рублёў да пенсіі цяпер, яны застануцца ў бюджэце Пенсійнага фонду», - тлумачыць дэпутатка. У выпадку прыняцця закона бюджэт ПФР ужо ў 2017 годзе патэнцыйна зможа вымеркаваць да 12 млрд рублёў, разлічыла аўтарка ініцыятывы.

Такая ашчада ўзнікне, калі ад пераразліку пенсій адмовіцца хаця б палова з працоўных пенсіянераў, чыю агульную колькасць Кармазіна ацаніла на 9,92 мільёна чалавек. На 2016 год дэфіцыт Пенсійнага фонду ацэньваецца на 175 млрд рублёў.

Але такі закон пацягне ў будучыні (калі пенсіянеры папросяць аб пераразліку паводле максімальнага тарыфу) і дадатковыя выдаткі з бюджэту Пенсійнага фонду, які фармуецца за кошт трансфэртаў з федэральнага бюджэту, гаворыцца ў праекце высноў урада, які мае РБК. Аўтарцы прапанавана вызначыць у законапраекце крыніцы фінансавання гэтага новага тыпу бюджэтных выдаткаў. У фінансава-эканамічным абгрунтаванні да законапраекта магчымыя дадатковыя выдаткі бюджэту ацэненыя на 2,1 млрд рублёў. - Гэта ўмоўная ацэнка, грунтуючыся на дапушчэнні, што ўсе, хто адмовіўся ад пераразліку пенсій, разам закончаць працу. У рэчаіснасці спрагназаваць магчымыя дадатковыя выдаткі бюджэту вельмі складана, кажа дэпутатка.

Для бюджэту ідэя будзе дарагой, згодны дырэктар Навукова-даследчага фінансавага інстытута Мінфіна Уладзімір Назараў. Карысць ад навацыі, са слоў экспэрта, адчуюць працоўныя пенсіянеры з пенсіямі вышэйшымі за пражытковы мінімум, але якія не маюць вялікай колькасці назапашаных пенсійных балаў - пры вялікай колькасці балаў розніцу паміж каэфіцыентамі 3 і 10 пенсіянер не адчуе, тлумачыць экспэрт. Не мае сэнсу адмаўляцца ад пераразліку і людзям з мінімальнымі пенсіямі - такія пенсіі за кошт бюджэту дацягваюць да сумы пражытковага мінімуму; ад пераразліку з максімальным каэфіцыентам агульная сума выплаты не зменіцца, кажа Назараў.

Пенсійны фонд не адказаў на запыт РБК.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках