29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Глеб у топ-форме - па-ранейшаму найлепшы футбаліст Беларусі

8
Глеб у топ-форме - па-ранейшаму найлепшы футбаліст Беларусі

Чытацкія меркаванні наконт патрэбы чарговага пераходу Аляксандра Глеба ў БАТЭ падзяліліся.

Больш як тры тысячы тых, хто пргаласаваў у апытанні pressball.by, прыкладна ў роўнай прапорцыі падтрымалі варыянты "патрэбны" і "не патрэбны".

Скептыкі падаюць аргументы: "БАТЭ марнуе грошы, Глеб не ў форме, ягонае з'яўленне паўплывае на атмасфэру ў камандзе, ён не будзе гуляць у чэмпіянаце Беларусі..."

Так, Глеб - гэта сапраўды не самы просты гулец у суполцы з трэнерскага пункту гледжання. Не кожны настаўнік яму дасць рады, і не кожны калектыў лёгка прыме. Але перад Аляксандрам Ермаковічам летась ужо стаяла тая ж задача ўбудавання Глеба ў каманду, і Аляксандр Уладзіміравіч спрацаваў ідэальна.

Так, Глеб не самы ахвотны яздок па некаторых беларускіх стадыёнах. Толькі галоўныя матчы БАТЭ ў гэтым сэзоне будуць ужо на іншых палях. Відавочна, што Глеб патрэбен "жоўта-сінім" зусім не для чэмпіянату Беларусі. Турнірная табліца проста зараз даводзіць, што і без Аляксандра БАТЭ дастаткова моцны, каб быць галоўным фаварытам у барацьбе за тытул.

Так, Глеб сапраўды патрэбен БАТЭ, груба кажучы, на 10 гульняў. Але гэта будуць гульні, у якіх вызначыцца ўсё, аж да бюджэту клуба ў наступным сэзоне.

Уявіце сябе на месцы кіраўніцтва "жоўта-сініх". Вось вы маеце выбар: мець у гэтых матчах Глеба ці не мець? Пры тым, што ў топ-форме ён - па-ранейшаму найлепшы футбаліст Беларусі. Іншая рэч, што цяпер ягоная форма можа быць не надта. Але і час яшчэ ёсць.

Што б вы выбралі ў гэтым выпадку? Бо на шалях вельмі шмат чаго. Гэта не PES і ня Football Manager. Тут рэальныя людзі, рэальныя грошы, рэальная Ліга чэмпіёнаў і рэальныя рызыкі.

У вас не будзе шанцу перагуляць. Вызначаць трэба тут і цяпер. А правільна ці не, вам пакажуць там і потым - на поле, пад пражэктарамі. Таму што ў гульні на вынік усё вызначаецца вынікам.

Гэта футбол, як часта кажа Ермаковіч. І слушна, між іншым, кажа.

Андрэй Вашкевіч, Прессбол

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках