19 красавiка 2024, Пятніца, 1:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя БНФ: «Выбары» ўжо цяпер не могуць быць прызнаныя свабоднымі і сумленнымі

5
Партыя БНФ: «Выбары» ўжо цяпер не могуць быць прызнаныя свабоднымі і сумленнымі

Партыя БНФ крытычна ацэньвае рыторыку кіраўніцтва ЦВК.

Ужо цяпер «парламенцкія выбары» 2016 года не могуць быць прызнаныя свабоднымі і сумленнымі, гаворыцца ў рэзалюцыі пазачарговага XVII з'езда Партыі БНФ, які праходзіць 23 ліпеня ў Менску.

На падставе папярэдніх ацэнак кампаніі назірання «Права выбару - 2016», якую партыя праводзіць з іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі, Партыя БНФ заяўляе, што выбары праходзяць «паводле нязменнага сцэнару адміністрацыйна кіраванага працэсу, які не прадугледжвае свабоднай канкурэнцыі палітычных сіл на роўных умовах», паведамляе БелПАН.

У рэзалюцыі адзначаецца, што ўлады не выканалі рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, а рыторыка ЦВК аб змене практыкі падліку галасоў у бок большай празрыстасці не знайшла сваёй рэалізацыі ў метадычных рэкамендацыях Цэнтральнай камісіі. Акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі, гаворыцца ў дакуменце, былі сфармаваныя «з рэкордна малым удзелам апазіцыі».

Ініцыятыўныя групы для вылучэння апазіцыйных кандыдатаў, таксама адзначаецца ў рэзалюцыі, сутыкаюцца з перашкодамі ў сваёй дзейнасці ў зборы подпісаў, а выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і датэрміновая агітацыя ў дзяржаўных СМІ з боку ініцыятыўных груп, якія падтрымліваюць урад, «суправаджаецца прадузятым стаўленнем да апазіцыйных палітыкаў, шэрагу якіх былі вынесеныя папярэджанні».

«Партыя БНФ крытычна ацэньвае рыторыку кіраўніцтва ЦВК аб стварэнні быццам больш дэмакратычных варункаў правядзення выбараў. Мы заяўляем, што гэтая рыторыка не падмацаваная рэальнымі справамі і відавочна накіравана на свядомае ўвядзенне ў зман міжнародных назіральнікаў для таго, каб стварыць у іх скрыўленае разуменне сітуацыі ў Беларусі», - гаворыцца ў рэзалюцыі.

Партыя БНФ заклікае ўлады «да канкрэтных крокаў у дэмакратызацыі выбарчага працэсу», адным з якіх магло б быць уключэнне ў склад выбарчых камісій усіх прадстаўнікоў, вылучаных дэмакратычнымі партыямі і аб'яднаннямі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках