25 красавiка 2024, Чацвер, 9:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замкі ВКЛ на 3D-прынтары: у Беларусі ствараюць парк аб'ёмных мініяцюраў

3

На плошчы 1,5 гектара размесцяць 30 крэпасцяў і замкаў часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Цяпер аўтары праекту збіраюць грошы на набыццё дадатковых 3D-прынтараў, што дапаможа хутчэй справіцца з задачай стварэння мініяцюраў, піша tut.by.

Ёсць планы першыя дзесяць мініяцюраў надрукаваць ужо да канца кастрычніка. Кіраўнік праекта, журналіст Ігар Станкевіч апавёў, што ўжо гатовая Камянецкая вежа, цяпер адліваюць царкву-крэпасць у Мураванцы. Потым возьмуцца за стварэнне мініяцюраў храмаў-крэпасцяў у Камаях і Сынкавічах, а таксама Крэўскага, Лідскага і Любчанскага замкаў. Хочуць таксама аднавіць і вобраз знакамітай Вострай Брамы.

– Будзе і мініяцюра Мірскага замка. Яна досыць складаная ў плане выканання, таму што там шмат дробных дэталяў, – апавядае Ігар Станкевіч.

Больш складаныя мініяцюры плануюць надрукаваць да траўня наступнага года.

Сёння макеты замкаў і крэпасцяў ВКЛ ствараюць на адным 3D-прынтары. Гэта доўгі, павольны працэс. Каб яго паскорыць, арганізатары праекта вырашылі кінуць кліч на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka. На набыццё яшчэ дзвюх друкарак трэба 11 016 рублёў, з іх сабрана ўжо 3840 рублёў.

Новыя прынтары дазволяць рабіць мініяцюры з меншай колькасці складнікаў.

– Напрыклад, Камянецкая вежа вышынёй дзесьці 1,4 метра. У дыяметры – каля 60 сантыметраў. Сённяшні прынтар можа надрукаваць кавалкі 20 × 20 сантыметраў. Для Камянецкай вежы мы надрукавалі каля 36 кавалкаў. Тыя прынтары, якія мы знайшлі, значна большага памеру. На новай друкарцы тую самую вежу можна было б стварыць з 12 частак, – тлумачыць Ігар Станкевіч.

Суразмоўца дадае, што мініяцюры расставяць на адкрытай мясцовасці – гэта каля паўтара гектараў за 5 км ад Гальшанскага замка ў вёсцы Радзевічы (Гарадзенская вобласць). Тэрыторыя ўжо вызначаная, зробленыя насыпы, выкапаныя сажалкі, якія будуць імітаваць рэкі. Іх абяцаюць напоўніць вадой.

– Спадзяемся, што выглядаць гэтая прастора будзе дастаткова натуральна, – кажа Ігар Станкевіч.

Да стварэння парку прыцягваюць валанцёраў. У найбліжэйшыя выходныя яны будуць прыбіраць камяні на тэрыторыі. Пазней валанцёрская дапамога спатрэбіцца для пракладкі дарожак у парку.

Ствараюць макеты для праекту прафесійныя мастакі, архітэктары і дызайнеры.

На задумку стваральнікаў, парк мініяцюраў павінен звярнуць увагу на багатую архітэктурную спадчыну Беларусі. Дзякуючы макетам можна будзе ўбачыць, якімі былі замкі, якія цяпер практычна разбураныя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках