Авакаў апавёў пра расследаванне забойства Шарамета
5- 24.07.2016, 14:46
- 11,805
Кіраўнік МУС Украіны заклікаў палітыкаў і журналістаў устрымацца ад распаўсюду здагадак.
Расследаванне вядуць кампетэнтныя следчыя, запэўніў кіраўнік МУС.
Расследаванне забойства журналіста Паўла Шарамета вядуць кампетэнтныя следчыя, запэўніў кіраўнік МУС Арсен Авакаў.
"Расследаванне вядуць кампетэнтныя следчыя і спецыялісты крымінальнага вышуку Нацыянальнай паліцыі Украіны. Разам з імі працуюць экспэрты з Федэральнага бюро расследаванняў ЗША", – цытуе яго korrespondent.net.
"Я кожны дзень атрымліваю інфармацыю, але гэта не для публічнага абмеркавання. Будуць вынікі – будзе інфармацыя", – дадаў Авакаў.
Таксама кіраўнік МУС заклікаў палітыкаў, якія не маюць дачынення да расследавання, не раскрываць фактаў і "зачэпак" следства, а таксама ўстрымацца ад распаўсюду здагадак.
Як паведамлялася, асноўнай версіяй забойства Паўла Шарамета следства мяркуе помсту за прафесійную дзейнасць.
Учора ў Менску пахавалі Паўла Шарамета, які загінуў 20 ліпеня ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху бомбы ў ягоным аўто.