29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як на Астравецкай АЭС выпусцілі рэактар?

68
Як на Астравецкай АЭС выпусцілі рэактар?

На будаўніцтве Беларускай АЭС у сярэдзіне ліпеня адбылося чарговае надзвычайнае здарэнне, звязанае з усталяваннем рэактара.

Гэта не першае паведамленне аб інцыдэнтах і парушэннях на Астравецкай пляцоўцы за апошнія месяцы.

Афіцыйныя каментары сітуацыі пакуль стрыманыя і мала інфармацыйныя, а міжнародная грамадскасць патрабуе падрабязнай інфармацыі аб тым, што адбываецца, пішуць naviny.by.

Што магло адбыцца на будпляцоўцы?

Мікалай Уласевіч, актывіст апазіцыі, жыхар вёскі Варняны, якая знаходзіцца ў шасці кіламетрах ад пляцоўкі Беларускай АЭС, паведаміў 25 ліпеня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра інцыдэнт падчас усталявання рэактара, які адбыўся ў ліпені.

Уласевіч сцвярджае, што атрымаў інфармацыю на ўмовах ананімнасці падчас збору подпісаў у Астравецкім раёне ад дзесяці розных людзей, сярод якіх былі працоўныя з будпляцоўкі БелАЭС. «Надзвычайнае здарэнне адбылося 10 ліпеня, у нядзелю, падчас выпрабавальнага ўсталявання. На панядзелак планавалася правядзенне ўрачыстай, у прысутнасці тэлевізіі ды іншых сродкаў масавай інфармацыі, цырымоніі ўсталявання рэактара на яго сталае месца. Аднак 330-тонны агрэгат з невядомых прычын сарваўся і паваліўся ўніз з вышыні ад 2 да 4 метраў. Цяпер месца надзвычайнага здарэння ачэпленае і знаходзіцца пад сталай і ўзмоцненай аховай людзей у чорным», - напісаў ён.

Мінэнэрга Беларусі прызнала факт інцыдэнту

26 ліпеня ў другой палове дня Міністэрства энэргетыкі прызнала інцыдэнт, паведаміўшы, што няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ пры яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плашчыні.

Паводле інфармацыі Мінэнэрга, РУП «Беларуская АЭС» «неадкладна запатрабавала ў генеральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакументы і звесткі. Цяпер аналіз гэтай сітуацыі прадаўжаецца».

Чаму адбылося здарэнне, і ці было яно звязанае з падзеннем корпуса рэактара, у паведамленні не гаворыцца. Аднак Мінэнэрга запэўніла, што пасля «ўсебаковага вывучэння беларускімі спецыялістамі прадстаўленай АТ «Атамбудэкспарт» інфармацыі будзе прынятая адпаведная пастанова», пры гэтым адзначаецца, што беларускі бок будзе кіравацца «неабходнасцю безумоўнага гарантавання бяспекі будучай станцыі».

Аднак некалькімі гадзінамі раней прэс-офіс групы кампаній «Атамбудэкспарт» паведаміў БелаПАН, што інфармацыя аб надзвычайным здарэнні АЭС, якая будуецца, не адпавядае рэчаіснасці і запэўніў: «Паведамляем, што корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзялення. Тэхнічных перашкод для яго ўсталявання на штатнае месца няма».

Інцыдэнт або надзвычайнае здарэнне?

Незалежныя экспэрты мяркуюць, што так званая «пазаштатная сітуацыя з рэактарам» можа быць цалкам сур'ёзнай.

Фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, якому за крытыку праекту Астравецкай АЭС на дзесяць гадоў забаранілі ўезд у Беларусь, не выключыў, што расейскі падрадчык будзе змяншаць маштабы інцыдэнту: «Праблема ў тым, што і «Расатам», і беларускія атамшчыкі паказалі, што яны гатовыя хаваць здарэнні і інцыдэнты. Я магу выказаць здагадку, што спробы зменшыць наступствы здарэння будуць прыняты і гэтым разам».

Фізік таксама адзначыў, што будаўніцтва атамнай станцыі паводле такога ж праекта АЭС-2006 у Хваёвым Бары пад Санкт-Пецярбургам суправаджалася шэрагам сур'ёзных інцыдэнтаў, якія сведчаць аб недастатковай якасці працы расейскага падрадчыка.

Так, 17 лiпеня 2011 года на будаўніцтве ЛАЭС-2 адбылося абрынанне блізу 1200 тон металаканструкцый пры будаўніцтве ахоўнай абалонкі, а 4 ліпеня 2015 года будаўнікі выпусцілі з 20-метровай вышыні 70-тонную ўнутрырэактарную прыладу - блок ахоўных труб. У выніку, паводле інфармацыі экспэрта, каштоўнае абсталяванне было разбуранае, а ўвод у строй гэтага энэргаблока адсунуўся на пару гадоў.

«Ёсць наўпроставыя доказы, што расейскія будаўнікі АЭС не ў стане правільна разлічыць трываласць стропаў пры працы з цяжкімі элементамі АЭС», - мяркуе Ажароўскі.

На ягоную думку, менавіта гэта магло прывесці і да падзення рэактара першага энэргаблока Беларускай АЭС.

Фізік, кіраўнік грамадскай арганізацыі «Зялёны свет», жыхар Хваёвага Бору Алег Бадроў адзначыў, што такія інцыдэнты на будаўніцтве ЛАЭС-2 суправаджаліся ўтойваннем інфармацыі:

«На ЛАЭС-2 пры падзенні фрагмента рэактара ў басейн вытрымкі АЯП абследавалі басейн. Вынік не апублікавалі ў СМІ. Фрагмент рэактара выкінулі на сметніцу».

Наступствы падзення рэактара могуць быць катастрафічнымі

Самае нязначнае, што можа адбыцца, калі будуць выкананыя ўсе неабходныя мерапрыемствы ў выпадку інцыдэнту з рэактарам - гэта затрымка тэрмінаў і вялікія дадатковыя выдаткі на будаўніцтва БелАЭС, адзначыў Алег Бадроў.

Як мяркуе Андрэй Ажароўскі, пашкоджанні, атрыманыя пры падзенні, могуць выклікаць з'яўленне дэфектаў, напрыклад, у зварных швах, якія зробяць рэактар непрыдатным для эксплуатацыі. Аднак калі наступствы будуць утойвацца, то магчымы найгоршы сцэнар, мяркуе ён: «У найгоршым выпадку будаўніцтва АЭС будзе прадоўжанае як ні ў чым не бывала, і тады пашкоджаны пры падзенні рэактар можа проста разваліцца на часткі ў працэсе эксплуатацыі».

Як патлумачыў фізік, спецыяліст у галіне рэактараў атамных электрастанцый, прафесар Георгій Лепін, асноўным патрабаваннем да корпуса рэактара атамнай электрастанцыі з'яўляецца недапушчальнасць усякіх не кантраляваных вонкавых уздзеянняў на яго падчас вытворчасці, транспартавання і ўсталявання.

Гэта выкліканае тым, што падчас эксплуатацыі рэактара на яго ўздзейнічае інтэнсіўная нейтронная плынь, якая можа зрабіць нават невялікія дэфармацыі або мікратрэшчыны корпуса вельмі небяспечнымі, адзначыў экспэрт.

Рызыка ад выкарыстання корпуса, які мог зваліцца або зазнаць нават нязначныя механічныя дэфармацыі, шматкроць узрастае, мяркуе спецыяліст. «У сувязі з гэтым практычнае выкарыстанне такога корпуса, які з'яўляецца найбольш адказным элементам рэактара, уяўляецца мне катэгарычна недапушчальным», - падкрэсліў ён.

Будаўніцтва АЭС вядзецца з парушэннямі?

Адзначым, што гэта ўжо не першая інфармацыя аб інцыдэнтах і парушэннях на будаўніцтве АЭС, якая з'явілася ў апошнія некалькі месяцаў. У красавіку гэтага года, калі стала вядома пра інцыдэнт на будпляцоўцы, які затым Мінэнэрга ахарактарызавала як нязначны, экспэрты Беларускай антыядзернай кампаніі заявілі аб тым, што здарэнні будуць адбывацца і ў далейшым. На іх думку, гэта звязанае з тым, што будаўніцтва АЭС закрытае для грамадскасці, было пачатае ў адсутнасць ліцэнзіі і нават да распрацоўкі архітэктурнага праекта і вядзецца са шматлікімі парушэннямі тэхнічных нормаў. Тады яны запатрабавалі неадкладнага прыпынення работ на будаўніцтве БелАЭС і разгляду рэальных прычын інцыдэнтаў.

У ліпені гэтага года таксама паступіла інфармацыя на правах ананімнасці ад бетоншчыка, які працуе на пляцоўцы БелАЭС, пра тое, што будаўніцтва вядзецца з парушэннямі і тэхнічных нормаў, і працоўнага заканадаўства. Так, паводле ягоных слоў, каб уладкавацца на будаўніцтва станцыі, трэба заплаціць хабар, а пасля прыёму на працу патрабуюць падпіску аб невыдаванні «нейкай там дзяржтаямніцы».

Пры гэтым на аб'екце, як сцвярджае працоўны, вялікая ратацыя кадраў, бо за правіну аднаго працоўнага даводзіцца расплачвацца ўсёй брыгадзе. «У мінулым месяцы адна брыгада памылкова заліла дзве машыны бетону не туды, куды трэба, - кажа ён. - Усю ноч пад грыфам «сакрэтна» даставалі гэты бетон і запіхвалі ў іншы аб'ект АЭС. Цану гэтага бетону вылічылі з заробку ўсёй брыгады».

Ахоўны купал рэактара першага энэргаблока, паводле інфармацыі бетоншчыка, выкананы зусім з няякаснага бетону «не той маркі» і з парушэннем тэхналогіі праз спешку пры будаўніцтве, праз што ў ахоўнай бетоннай абалонцы ўтварыліся так званыя паветраныя кішэні: «Рэактар трэба заліваць паступова, выцясняючы паветра. Калі спяшаюцца, паветраныя бурбалкі збіраюцца разам і ўтвараюць паветраныя кішэні». Гэта, на ягоную думку, робіць ахоўную бетонную абалонку рэактара менш надзейнай.

Эколагі патрабуюць спыніць будаўніцтва

Пасля ліпеньскага здарэння на будаўніцтве БелАЭС Беларуская партыя «Зялёныя», грамадская кампанія «Астравецкая атамная - гэта злачынства!», якую ўзначальвае Мікалай Уласевіч, і шэраг іншых грамадскіх арганізацый, уключаючы міжнародныя, маюць намер накіраваць у Мінэнэрга, Дзяржатамнагляд і іншыя арганізацыі просьбу аб выдачы дэталёвай інфармацыі аб інцыдэнтах.

Яны падрыхтавалі зварот, у якім патрабуюць правесці экспэртнае абследаванне абрынутай канструкцыі, расследаванне прычын, якія прывялі да інцыдэнту, а таксама даць «дэталёвыя справаздачы аб выніках».

Эколагі звяртаюць увагу дзяржорганаў на тое, што стан рэактарнай ўстаноўкі і яе магчымыя дэфекты непасрэдным чынам уплываюць на экалагічныя рызыкі БелАЭС, у тым ліку, трансгранічнага характару.

Яны запытаюць Дзяржатамнагляд аб выдачы дэталёвай інфармацыі і пра іншыя парушэнні, раней выяўленыя комплекснымі праверкамі падчас будаўніцтва Беларускай АЭС у 2014-м, 2015 годзе і 2016-м гадах...

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках