Экспэрты заклікалі Польшчу павысіць гатоўнасць да атакі Расеі
5- 27.07.2016, 11:02
- 5,655
Экс-камандзір сіламі NATO ў Еўропе прапанаваў накіраваць у рэгіён больш ракет і павысіць мабілізацыйныя магчымасці польскага войска.
Экс-камандуючы сіламі NATO і былы дарадца МЗС Польшчы ўважаюць, што Варшава павінна заявіць аб праве на контрудар у глыбіні Расеі ў выпадку нападу.
У новым даследаванні, апублікаваным у ЗША, гаворыцца, што Расея можа ў любы момант «вокамгненна» захапіць Польшчу, і сілы NATO павінны быць гатовыя даць адказ, паведамляе «Голас Амерыкі».
«Нават калі цяпер у Масквы няма непасрэдных намераў кінуць прамы выклік NATO, сітуацыя можа нечакана змяніцца вокамгненна», - гаворыцца ў дакладзе, складзеным былым намеснікам вярхоўнага галоўнакамандуючага хаўруснымі сіламі NATO ў Еўропе брытанскім генералам Рычардам Шырэфам і Мацеем Олекса-Шчытоўскім - былым дарадцам міністра замежных спраў Польшчы.
Даклад апублікаваны Атлантычным саветам.
Аўтары дакладу адзначаюць высокія тэмпы правядзення расейскіх вайсковых аперацый і папярэджваюць Польшчу і яе хаўруснікаў, што яны павінны быць гатовыя да гэтага і ўзмацняць сваю абараназдольнасць у якасці сродку стрымлівання.
У дакладзе нават прапануюцца патэнцыйныя мэты ў Расеі для нанясення ўдару, калі гэта спатрэбіцца, уключаючы Калінінград і інфраструктуру маскоўскага метро.
Даклад рэкамендуе накіраваць у рэгіён больш амерыканскіх ракет і заклікае Польшчу знайсці магчымасці спыніць плынь «мужчын баяздольнага ўзросту», якія выязджаюць з краіны ў пошуках працы і пераканаць іх замест гэтага паступіць на службу ў войска.
Аўтары дакладу мяркуюць, што Польшча павінна скіраваць свае намаганні на ўключэнне ў схему тактычнага ядзернага патэнцыялу ў рамках NATO, каб яе знішчальнікі F-16 маглі быць носьбітамі тактычных ядзерных боепрыпасаў.
Яны таксама мяркуюць, што Польшча павінна аб'явіць, што пакідае за сабой права нанесці контрудары ў глыбіні расейскай тэрыторыі, калі Расея атакуе Польшчу, і публікуюць спіс патэнцыйных мэтаў, між іншым, у Калінінградскай вобласці.
«Улады таксама могуць прапанаваць патэнцыйныя мэты, якія могуць уключаць маскоўскае метро, санкт-пецярбургскія энэргетычныя сеткі і расейскія дзяржаўныя СМІ, такія як тэлеканал RT», - гаворыцца ў дакладзе.