25 красавiка 2024, Чацвер, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАГАТЭ: Насельніцтва ў бяспецы, пакуль на БелАЭС не загрузілі ядзернае паліва

6
МАГАТЭ: Насельніцтва ў бяспецы, пакуль на БелАЭС не загрузілі ядзернае паліва

Прэс-служба МАГАТЭ пракаментавала «няштатную сітуацыю» на беларускай атамнай станцыі.

Адказнасць за кіраванне прамысловай бяспекай, радыяцыйную бяспеку і ахову АЭС, якая будуецца, ляжыць на дзяржаве - такая сутнасць адказу прэс-службы Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі на пытанне БелаПАН, ці мае намер МАГАТЭ правяраць інфармацыю пра інцыдэнт на будаўніцтве Беларускай АЭС.

Нагадаем, 25 ліпеня СМІ паведамілі, што 10 красавіка падчас трэніровачнага пробнага ўсталявання корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 метраў. Генпадрадчык будаўніцтва станцыі - расейская група кампаній «АСЭ» - паспяшаўся зняпраўдзіць гэтую інфармацыю, аднак Мінэнэрга Беларусі прызнала, што на станцыі мела месца «няштатная сітуацыя».

«Няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ падчас яго перамяшчэння ў гарызантальнай плашчыні», - гаварылася ў паведамленні Мінэнэрга.

У прэс-службе МАГАТЭ адзначаюць, што агенцтва надае «падтрымку дзяржавам-чальцам у іх працы пры выкананні ўзятых на сябе абавязкаў».

«Мы робім гэта, да прыкладу, праз нашы стандарты бяспекі або шляхам надання дзяржавам-чальцам паводле іх запыту аглядаў у бяспецы і ахове і ацэначных паслуг. Для ўсякай спецыфічнай інфармацыі мы рэкамендуем звязацца з мясцовымі ўладамі», - гаворыцца ў каментары.

У прэс-службе МАГАТЭ таксама падкрэслілі, што «станцыя ў працэсе будаўніцтва не ўяўляе небяспекі для насельніцтва да таго моманту, пакуль не загружанае ядзернае паліва».

Варта адзначыць, што ў красавіку гэтага года падчас візіту ў Беларусь генеральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана наведаў новабудоўлю. «Можна сказаць, што стварэнне двухблочнай станцыі ў Астраўцы ўяўляе сабой адзін з найбольш паспяховых праектаў у краінах, якія ўступаюць на шлях развіцця атамнай энэргетыкі», - сказаў ён тады.

Юкія Амана таксама заявіў: «Няма неабходнасці нагадваць, што бяспека з'яўляецца асноўным кірункам нашай працы, і аварыя на Фукусіме прадэманстравала, што нават у вельмі развітых у прамысловым сэнсе краінах магчымыя аварыі такога кшталту». Адзначыўшы, што з моманту аварыі на Фукусіме бяспека АЭС у свеце значна вырасла, гендырэктар МАГАТЭ падкрэсліў, што «гэта не дае нам якой-небудзь падставы да самазаспакаення».

Цяпер у Беларусі з візітам знаходзяцца экспэрты МАГАТЭ. Як паведаміла 27 ліпеня Міністэрства энэргетыкі, яны прыбылі «з мэтай супольнай ацэнкі працэсу падрыхтоўкі будучай місіі МАГАТЭ для разгляду праектавання пляцоўкі з улікам вонкавых падзей (місія SEED)», якая раней была запытаная беларускім бокам. Спецыяльныя місіі SEED ацэньваюць выбар будаўнічай пляцоўкі для ўзвядзення атамных аб'ектаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках