26 красавiка 2024, Пятніца, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Малаказавод у Рагачове падаў у суд на жанчын, якія апублікавалі здымкі пацукоў у пакеце малака

70
Малаказавод у Рагачове падаў у суд на жанчын, якія апублікавалі здымкі пацукоў у пакеце малака

Рагачоўскі малочнакансервавы завод падаў у суд на трох жыхарак Рагачова.

Адміністрацыя заводу просіць спагнаць з іх маральную шкоду сумай 600 млн недамінаваных рублёў і надрукаваць у СМІ зняпраўджванне інфармацыі аб трох пацуках у малацэ, якую распаўсюдзілі гараджанкі, паведамляе Белсат.

Гісторыя, якая стала прадметам судовага разбору, адбылася ў красавіку ў Рагачове. Прадпрымальніца Аліна 19-га красавіка набыла ў мясцовай краме для маці пачак малака вытворчасці Рагачоўскага МКК (зробленага на філіяле завода ў Жлобіне). На наступны дзень перапалоханая маці прыбегла да дачкі на рынак, дзе тая гандлявала, з гэтым малаком. З адрэзанага краю пакета тырчала галава і лапкі маленькага пацука.

«Калі я ўбачыла той пакет, а я такі чалавек, я люблю праўду і часам яе рэзка выказваю, я вылаяўся і сказала гучна, што цяпер мы ўжо гэта павінны жэрці, - усхвалявана распавядае Аліна. - Я кінула пакет у ралет, а тут на рынку людзі пачалі казаць: «Сволачы». Пайшла з пакетам у краму, сказала, што пакет купіла ў іх. Яны пачалі смяяцца, на што я ім сказала, што, маўляў, нічога смешнага, трэба плакаць. Яны хацелі забраць у мяне пакет і патэлефанаваць на малочны завод. Я адмовілася аддаваць пакет. Я пайшла зноў на працу, дапрацавала да 15.00 і пайшла з пакетам у санстанцыю. Гэта ж не злачынства. Напісала заяву ў санстанцыі на імя галоўнага лекара з просьбай разабрацца, як такое магло здарыцца, прасіла знайсці вінаватых і пакараць у адпаведнасці з законам, бо мяне вельмі турбуе здароўе маіх родных і жыхароў горада».

У гэты ж дзень калега Аліны па рынку Марына размясціла ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» фатаграфію пачкі малака з галавой маленькага пацука і надпісам: «Рагачоўскае малако: купі пакет малака і мыш у падарунак».

Інфармацыя аб грызунах у малацэ (іх выявілася трое ў адным пакеце) выклікала вялікі рэзананс у горадзе і раёне. Яе актыўна абмяркоўвалі і каментавалі. Як следства, са слоў прадстаўнікоў малочнага камбіната, значна ўпалі продажы малака ў параўнанні з папярэднімі месяцамі (адпаведную даведку яны падалі суду). Таму палічылі неабходным ісці па абарону сваёй рэпутацыі ў суд.

28-га ліпеня на трэцім судовым пасяджэнні паводле гэтай справы галоўная ветэрынарная лекарка Жлобіна Ала Маслюк-Сінюгіна, якая праводзіла патолагаанатамічнае ўскрыццё пацукоў 20 красавіка, патлумачыла суду, што смерць пацукоў наступіла ад гематомы, малака ва ўнутраных органах не выяўлена. То бок, смерць, на думку спецыялісткі, наступіла не ў выніку ўтаплення ў малацэ - у яго жывёліны патрапілі ўжо мёртвыя. Галоўная ветлекарка выказала таксама меркаванне, што на падставе аналізу стану скуры і воўны грызуноў можна зрабіць выснову, што яны не ляжалі ў малацэ (агрэсіўным кісламалочнай асяроддзі) цягам двух дзён, бо няма характэрных для такіх выпадкаў прыкмет.

У судзе дапыталі прадстаўніка прадпрыемства, які патлумачыў тэхналагічны працэс упакоўкі малака.

«У нас сучасная вытворчасць, мае абсалютна замкнёны цыкл. Доступ да сыравіны і прадукцыі зачынены праграмна і механічна, - тлумачыў суду інжынер аўтаматызаванай сістэмы Рагачоўскага МКК Алег Арцёмішын. - Вось мы спецыяльна для суда знялі невялікі ролік, дзе цалкам знятая вытворчасць малака, якое набыла адказчыца. Мы таксама маем дакумент ад вытворцы канвеернага абсталявання фірмы «Зонд-Пак», дзе ён тлумачыць, што ў малако немагчыма, каб трапілі не тое што мышы, а ўсякія іншародныя прадметы памерам больш за 3 мм. Малако перад тым, як трапіць у пакет, праходзіць праз дробнае сіта. Мая версія, што гэта нешта пастановачнае. На вытворчасці мышы не маглі патрапіць у малако з тэхнічных прычын, у краме таксама немагчыма раскрыць і потым заляпіць пакет, бо гэта немагчыма ў хатніх умовах».

«Нам па-чалавечы шкада адказчыцу, хоць, мяркуючы з таго, што іх інтарэсы прадстаўляюць у судзе аж 3 адвакаты, яны не бедныя людзі, - каментуе юрыст прадпрыемства Сяргей Ярашэвіч. - Але мы б хацелі, каб людзі больш адказна ставіліся да сваіх выказванняў і да распаўсюду інфармацыі, якая можа мець негатыўныя наступствы, нанесці маральную і матэрыяльную шкоду, прывесці да фінансавых страт. Таму што яны сцвярджалі, што мы робім малако з мышамі. Наша задача ў працэсе давесці, што адказнікі распаўсюдзілі інфармацыю, якая нанесла нам матэрыяльную шкоду. Мяркуем, што гэта добра спланаваная кампанія з мэтай падрыву нашай дзелавой рэпутацыі, прафесійнай дыскрэдытацыі».

Сваю версію, хто б мог пакласці мышэй у малако, мае і адказчыца Аліна: «У мяне да Рагачоўскай МКК ніякіх няма прэтэнзій. Распавядаюць, што калі прыйшоў новы дырэктар, ён навёў вялікую чысціню і стэрыльнасць на прадпрыемстве ў Рагачове і патрабуе гэтага і ад Жлобінскага філіяла - можа, народ неяк злуецца, не ведаю».

Канчатковая кропка ў «пацучынай справе» яшчэ не пастаўленая. Наступнае судовае паседжанне адбудзецца 16-га жніўня.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках