У аэрапорце Амстэрдама ўзмоцнены кантроль праз пагрозу тэракту
1- 30.07.2016, 15:11
- 12,971
Да аховы аэрапорта прыцягнутыя дадатковыя сілы паліцыі, на ўездзе даглядаюць аўто.
У амстэрдамскім аэрапорце Схіпхол узмоцненыя захады бяспекі праз магчымасць тэрарыстычнай атакі, паведамляецца ў суботу, 30 ліпеня.
Да аховы аэрапорта прыцягнутыя дадатковыя патрулі паліцыі, памежнікі даглядаюць аўтамабілі, якія заязджаюць на яго тэрыторыю, а таксама ўсіх кіроўцаў і пасажыраў.
Праз гэта на ўездзе ў аэрапорт утварылася чарга, некаторыя пасажыры ідуць да будынка пешшу, паведамляе «Нямецкая хваля» са спасылкай на тэлеканал NOS.
Самалёты прыбываюць і вылятаюць у штатным рэжыме, пра затрымку рэйсаў пакуль не паведамляецца. Узмацненне захадаў бяспекі ініцыяванае міністэрствам у барацьбе з тэрарызмам у сувязі з «інфармацыяй што да аэрапорта», падрабязнасці не выдаюцца.
Раней, у красавіку гэтага года, аэрапорт Схіпхол быў часткова закрыты, а пасажыры - эвакуяваныя. Тады некалькі чалавек былі затрыманыя пры «падазроных абставінах», а паліцыя правярала іх багаж на наяўнасць выбуховых рэчываў. Нічога небяспечнага паліцыянты ў выніку не выявілі.
Схіпхол - адзін з найбуйнейшых аэрапортаў Еўропы і важны перасадачны вузел. Штогод праз амстэрдамскі аэрапорт праходзіць больш за 50 мільёнаў пасажыраў.