25 красавiка 2024, Чацвер, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сітуацыя ў Чарнобылі і Астраўцы паўтараецца адзін у адзін»

60
«Сітуацыя ў Чарнобылі і Астраўцы паўтараецца адзін у адзін»
ФОТА: ВАЛЕРЫЙ ЧУМАКОЎ

Улады павінны неадкладна спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС

25 ліпеня была інфармацыя аб чарговым НЗ на БелАЭС: нібыта корпус рэактара абрынуўся з вышыні 2-4 метраў. Мінэнэрга пацвердзіла факт НЗ з корпусам рэактара на Беларускай АЭС. Вось толькі сцвярджае са спасылкай на генеральнага падрадчыка, што адбылося не «абрынанне рэактара пры яго ўсталяванні ў рэактарнае аддзяленне», а няштатная рэакцыя на пляцоўцы захоўвання рэактара.

Генеральны падрадчык будоўлі «Беларускай АЭС» - «Атамбудэкспарт» зняпраўджвае сур'ёзныя пашкоджанні корпуса рэактара: «Мы ж ужо напісалі (гэта было нават у афіцыйным лісце, перададзеным беларускаму боку), што сцерлася фарба пры правядзенні такелажных работ па перамяшчэнні корпуса рэактара з транспартнага на мантажнае месца. Гэта будоўля».

28 ліпеня ўрад Літвы ўручыў беларускаму амбасадару ноту ў сувязі з інцыдэнтам на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы і звярнулася па дапамогу да Еўразвязу.

Фізік, кандыдат тэхнічных навук, адказны сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета СССР у разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянняў службовых асоб у пасляаварыйны перыяд Юрый Варонежцаў у інтэрв'ю «ЕўраБеларусі» пракаментаваў сітуацыю, якая склалася.

- «Атамбудэкспарт» паведаміў, што на корпусе рэактара проста «сцерлася фарба». Ці можна паводле афіцыйных паведамленняў судзіць аб характары НЗ і пра сур'ёзнасць нанесенай рэактару шкоды?

- Паводле гэтай інфармацыі можна толькі сказаць, што «Атамбудэкспарт» уважае спажыўцоў сваёй інфармацыі поўнымі ідыётамі. Корпус рэактара пакрыты не фарбай - на ім спецыяльнае пакрыццё, шматслаёвае, тоўстае. Калі сцерлася фарба, як заявіла начальніца ўпраўлення камунікацый Ніна Дземенцава (яе б, дарэчы, я звольніў праз секунду пасля з'яўлення інфармацыі), то ўявіце сабе сілу ўздзеяння на корпус, якая прывяла да сцірання фарбы. Шматслаёвае спецыяльнае пакрыццё, вельмі сур'ёзнае пакрыццё - каразійнастойкае, устойлівае да выпраменьвання. А тут атрымліваецца як у казцы: мышка бегла, хвосцікам махнула і сцерла фарбу. Гэта проста натуральнае глупства.

- З таго ж паведамлення вынікае, што ў Маскве тэрмінова збіраўся штаб, які вызначыў на вока «штатнасць сітуацыі», якая ніякай пагрозы не нясе. Хіба такія рэчы на адлегласці вызначаюцца?

- Канешне не! Дэжавю: у свой час мы расследавалі і працэс будаўніцтва Чарнобыльскай АЭС, і катастрофу на ЧАЭС, і яе наступствы - усё паўтараецца. Людзей уважаюць за ідыётаў, выдаючы ім абсалютна абсурдную інфармацыю. Памятаеце, што казалі пасля аварыі ў Чарнобылі? На рэактары адбыўся пажар - ён ужо ліквідаваны. Адзін у адзін.

Я не ведаю, што на самой справе адбылося на будпляцоўцы Беларускай АЭС; і вы не ведаеце, і 99,999 адсоткаў грамадзян Беларусі не ў курсе. Хоць паводле Канстытуцыі яны маюць права ведаць - што адбылося на БелАЭС? Якія могуць быць наступствы?

- Пайшлі гутаркі, што афіцыйны Менск не кантралюе будаўніцтва АЭС: раз звярнуліся па тлумачэнні да генпадрадчыка, значыць, не ведаюць. Наколькі такое магчыма?

- Асабіста я думаю, што такое абсалютна немагчыма. Калі сітуацыя сапраўды такая, то ўсе ўрад, усе, хто вышэй за Бога, тут жа павінны сысці ў адстаўку. Выбачайце, на тэрыторыі краіны, якая ўжо пацярпела ад выбуху на такім аб'екце, дзе перапоўненыя ўсе анкадыспансеры (год таму пры праходжанні хіміятэрапіі я выбіраў палату, а цяпер усё палаты занятыя, у бальніцы просяць прабачэння і просяць прыехаць заўтра ці паслязаўтра) будуецца атамная электрастанцыя, а кіраўніцтва краіны не ведае, што там адбываецца?.. Гэта проста смешна!

Беларуская ўлада дакладна ведае, што адбылося, справаздача ўжо ляжыць на патрэбным стале. Не давяраючы маскоўскаму партнёру, у Астраўцы працуюць прадстаўнікі беларускіх спецслужбаў, якія інфармуюць кіраўніцтва краіны аб тым, што адбываецца на будпляцоўцы. АЭС будуецца ў Беларусі, а ўлады шлюць запыт у іншую дзяржаву: а што такое адбывалася на нашай тэрыторыі? Проста ўлады дзейнічаюць паводле старога прынцыпу: грамадзян трымаюць за дурняў.

- Што зараз пасля ўзнікнення такога надзвычайнага здарэння абавязаны распачаць адміністрацыя БелАЭС, беларускія ўлады і генпадрадчык?

- Па-першае, яны павінны дакладна паінфармаваць сваіх грамадзян, што ж усё-такі адбылося і якія наступствы гэтага НЗ.

Па-другое, павінна быць створаная абсалютна незалежная камісія, у якую ўвойдуць толькі адзін прадстаўнік падрадчыка і толькі адзін прадстаўнік уладаў, а ўсе астатнія - абсалютна не залежныя ні ад тых, ні ад іншых экспэрты, у тым ліку і міжнародныя. Да таго ж я б запрасіў не экспэртаў МАГАТЭ (пару чалавек можна ўключыць у камісію), а асноўны касцяк павінны складаць абсалютна незалежныя экспэрты, у тым ліку і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Гэтая камісія павінна абследаваць сітуацыю на мясцовасці, вывучыць усе дакументы, праглядзець усе відэаздымкі (відэаздымкі вядуцца на будпляцоўцы), вывучыць усе запісы розных службаў.

А будаўніцтва БелАЭС мусіць быць спыненае да таго моманту, як з'явіцца справаздача грамадскай камісіі, якая будзе апублікаваная ў прэсе. Нам кажуць, што ўсё нармальна, але тыя ж словы мы чулі і ў 1986 годзе. Будоўля спыняецца, збіраецца грамадская камісія, вывучае інцыдэнт, публікуе справаздачу. Толькі ў такой паслядоўнасці павінны дзейнічаць улады. А ўжо пасля справаздачы трэба прымаць рашэнне: што рабіць далей? Калі з корпусам рэактара здарылася нешта сур'ёзнае, трэба сто разоў падумаць: а ці не лепш спыніць будаўніцтва АЭС наогул, як зрабілі расейцы з Ленінградскай АЭС?

- Тым больш, што за апошнія тры месяцы гэта ўжо трэці трывожны званочак... Дарэчы, МАГАТЭ вельмі своеасабліва адрэагавала на НЗ: пакуль АЭС не працуе, ніякай небяспекі насельніцтву яна не нясе. Няўжо нават глабальныя пагроза не прымусіць пчол адмовіцца ад такога мёду?

- Так. МАГАТЭ зрабіла невялікую заяву... Але мы зноў вяртаемся да пачатку: што здарылася на Беларускай АЭС? Ці хтосьці зачапіў корпус рэактара пагрузчыкам, ці нейкі кіроўца з перапою абадраў рэактар, або корпус стукнулі пры перамяшчэнні, або выпусцілі з 2-4 метраў? Раскажыце, што здарылася. Пакажыце відэаролік: я ўпэўнены, што на будпляцоўцы вядзецца пастаянны відэазапіс дзесяткамі відэакамер. Людзі не такія ідыёты, якімі нас уважаюць.

- Значыць, у любым выпадку будоўля павінна быць замарожаная - як мінімум да апублікавання выніковай справаздачы грамадскай камісіі?

- Так. Вялікай грамадскай камісіі з удзелам незалежных структур. Незалежнай камісіі, якая не будзе залежаць ні ад уладаў, ні ад падрадчыка.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках