Прафзвяз РЭП адмовіўся ўдзельнічаць у «парламенцкіх выбарах»
3- 6.07.2016, 20:43
- 8,427
Прэзідыум прафзвязу РЭП прыняў заяву, у якой паведаміў аб адмове вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты на «парламенцкіх выбарах» 2016 года.
«Ужо вядома, што дэпутатамі стануць 30% ад старога складу, а астатнія 70% будуць прызначаныя ўладай. Пра гэта сведчыць інфармацыя пра склад выбарчых камісій усіх узроўняў, пераважную большасць якіх складаюць прадстаўнікі праўладных структур ды іхнія прыхільнікі.
У гэтых варунках мы заяўляем аб адмове ва ўдзеле ў так званых выбарах і не будзем вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты», - гаворыцца ў заяве прафзвязу РЭП, піша praca-by.info.
Прафзвяз мяркуе, што ў цяперашніх варунках улада павінна прыняць тэрміновыя захады для недапушчэння далейшага збяднення народа і неадкладна правесці сацыяльна адказныя рэформы ў краіне. Толькі ў гэтым выпадку магчымае «стварэнне варункаў для забеспячэння росту дабрабыту насельніцтва і пабудовы дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці», упэўненыя ў прафзвязе РЭП.
Заява Беларускага прафзвязу работнікаў РЭП «Аб стаўленні да выбараў у палату прадстаўнікоў»
У Рэспубліцы Беларусь дадзеная чарговая «адмашка» для фармавання і рэгістрацыі ініцыятыўных груп для вылучэння кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў.
У варунках, калі скарачаюцца працоўныя месцы, зніжаецца заробак, ідзе бесперапынны рост коштаў прадуктаў харчавання, медыкаментаў, паслуг - кожная ўлада павінна быць заклапочаная тым, што імкліва зніжаецца ўзровень жыцця яе грамадзян і патрэбна прыняцце тэрміновых захадаў для недапушчэння іх збяднення.
Для гэтага трэба аб'яднаць здаровыя і разумныя сілы ў грамадстве. Гэта неабходна для распрацоўкі і прыняцця адпаведных законаў дэмакратычна абраным парламентам у мэтах правядзення рэальных рэформаў у эканоміцы і стварэння варункаў для стабільнага развіцця краіны і забеспячэння годнага ўзроўню жыцця грамадзян і іх сем'яў.
Аднак цяперашняя ўлада больш клапоціцца аб сваім уласным дабрабыце. Яна даўно жыве зусім іншымі катэгорыямі, чым народ. Таму чарговыя «выбары» ў парламент будуць праходзіць паводле даўно знаёмага сцэнару.
Ужо вядома, што дэпутатамі стануць 30% ад старога складу, а астатнія 70% будуць прызначаныя ўладай. Пра гэта сведчыць інфармацыя пра склад выбарчых камісій усіх узроўняў, пераважная большасць якіх складаюць прадстаўнікі праўладных структур і іх прыхільнікі.
Народ даўно зняверыўся ў патрэбе такіх выбараў і з абыякавасцю ставіцца да іх.
Аднак улада не можа адмовіцца ад сваіх «свят свабоды волевыяўлення грамадзян», бо для замежных назіральнікаў патрэбна ілюзія дэмакратыі, а для насельніцтва - ілюзія надзейнасці і стабільнасці ўлады.
Паважаныя грамадзяне! Кіраўніцтва краіны даўно не цікавіць вашае меркаванне - яго ніхто не бярэ да ўвагі.
У гэтых варунках мы заяўляем аб адмове ва ўдзеле ў так званых выбарах і не будзем вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў.
Толькі пры правядзенні ў краіне палітычных і эканамічных рэформаў магчыма стварэнне варункаў для забеспячэння росту дабрабыту насельніцтва і пабудовы дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці.
На даручэнне Прэзідыума Беларускага прафзвязу РЭП
Старшыня Г.Ф. Фядыніч
г. Менск, 6 ліпеня 2016 года.