25 красавiка 2024, Чацвер, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Непатрэбны герой

8
Непатрэбны герой
Гильермо Фариньяс

Сёння на Кубе памірае мой сябра Гільерма Фарыньяс (для сяброў і прыхільнікаў проста Коко).

Я не сустракаў больш нязломнага і высакароднага чалавека. Еўрапейскі парламент прысудзіў яму прэмію Сахарава "За свабоду думкі". Ён не змог быць на яе ўручэнні ў 2010 годзе: рэжым Кастра не выпусціў яго з краіны. У турмах гэтага рэжыму Коко правёў 11 гадоў. Ён лаўрэат многіх праваабарончых прэмій як нязломны змагар за чалавечую годнасць. Будучы непрымірэнчым праціўнікам таталітарызму, ён стварыў і ўзначаліў Адзіны антытаталітарны форум Кубы.

Больш за месяц таму ён абвесціў галадоўку пратэсту, сваю 24-ю галадоўку. Адважыцца на бязлітаснае катаванне арганізма пасля такой колькасці галадовак, якія да мяжы яго знясілілі, – гэта за рамкамі чалавечых магчымасцяў. Такое немагчыма нават уявіць.

Коко пайшоў на свой небяспечны для жыцця ўчынак пасля таго, як 19 ліпеня яго жорстка збілі, арыштавалі і катавалі, калі ён з сябрамі прыйшоў да паліцэйскага пастарунка, каб даведацца пра лёс сваіх калегаў, незаконна затрыманых спецслужбамі Кастра.

Ён пачаў сваю смяротную сухую галадоўку і напісаў ліст Раулю Кастра з простым і законным патрабаваннем – спыніць гвалт у дачыненні да негвалтоўнай кубінскай апазіцыі. Кастра напэўна абяцаў гэта зрабіць напярэдадні зняцця амерыканскай блакады кубінскага рэжыму. Такая прырода дыктатараў: чым больш яны маюць патрэбу ў заходніх грошах, тым лягчэй яны даюць абяцанні, не збіраючыся іх выконваць.

Адна з папярэдніх галадовак Фарыньяса ў 2010 годзе, якая ледзь не скончылася смерцю, дазволіла вызваліць 52 кубінскіх палітвязняў. Але тады час быў іншы. Рэжым Кастра вымушаны быў азірацца на Захад, паколькі ўзмацненне жорсткасці санкцый магло разбурыць сістэму карупцыі і пахаваць рэжым, які пры дапамозе гэтай карупцыі кантраляваў разваленую кубінскую эканоміку. У той час ішлі напружаныя кансультацыі паміж кубінскім рэжымам і амерыканскай адміністрацыяй пра зняцце эмбарга, і рэжыму даводзілася стрымліваць свае прыпадкі гвалту. У той час з боку Захаду яшчэ гучалі цвёрдыя заявы і вылучаліся жорсткія ўмовы павагі да правоў чалавека.

Я ведаю, што Коко не быў у захапленні ад новай палітыкі ЗША, баючыся, што яна прывядзе да яшчэ большага гвалту і росту рэпрэсій на яго роднай Кубе. Ён абмяркоўваў гэтую тэму асабіста з прэзідэнтам Абамам.

Гэта была праўда.

Я ведаю таксама, што амерыканскія дыпламаты і разнастайныя пасланцы настойліва пераконвалі яго ўзяць удзел у сустрэчы з Абамам падчас гістарычнага візіту амерыканскага прэзідэнта на Кубу ў сакавіку гэтага года. Ён неахвотна пагадзіўся, прыслухаўшыся да таго аргументу, што гэта можа дапамагчы кубінскаму народу.

Сёння на Захадзе амаль не заўважаюць ахвяру Гільерма Фарыньяса. Заявы робяць ягоныя сябры, а заходнія дыпламаты нясмела "выказваюць занепакоенасць". І ўсё.

Адна цвёрдая заява амерыканскага прэзідэнта можа выратаваць жыццё Гільерма, таму што менавіта ЗША з'яўляюцца архітэктарам і правадніком новай заходняй палітыкі ў дачыненні да Кубы.

Але Вашынгтон гучна маўчыць.

Менавіта такое маўчанне і хоча чуць рэжым Кастра.

Дыктатары ва ўсім свеце, будзь гэта Кастра на Кубе ці Лукашэнка ў Беларусі, вельмі ўважліва сочаць за тым, як Захад ставіцца да сітуацыі з правамі чалавека. Маўчанне Захаду азначае карт-бланш на расправу з непажаданымі элементамі, такімі, як Гільерма Фарыньяс. Дыктатары ведаюць, што пасля заключэння ўгоды героі становяцца непажаданымі і для Захаду. Яны могуць перашкодзіць бізнэсу.

Рэжым Кастра марыць пра смерць Коко. Распускаюцца чуткі, што ён памёр ужо.

Не дай ім перамагчы цябе, Коко. Ты павінен жыць. Ты патрэбны змагарам за свабоду ва ўсім свеце. Ты патрэбны нам усім.

Libertad y Vida! (Свабода і Жыццё!)

Андрэй Саннікаў, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках