24 красавiка 2024, Серада, 15:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Найлепшага настаўніка Расеі» звольнілі пасля адмовы падрабляць адзнакі

13
«Найлепшага настаўніка Расеі» звольнілі пасля адмовы падрабляць адзнакі
ФОТА: MEDIAMETRICS.RU

Настаўнік інфарматыкі Дзмітрый Гушчын "праваліў" добрую статыстыку адзнак для выпускнікоў.

"Найлепшаму настаўніку Расеі – 2007" у новым навучальным годзе не знайшлося месца ў калектыве гімназіі Аляксандра II у Пецяргофе. Настаўнік інфарматыкі Дзмітрый Гушчын сцвярджае, што яго звольнілі пасля адмовы забяспечыць правільныя адзнакі і добрую статыстыку. У кіраўніцтве гімназіі заяўляюць, што знайшлі замену сумяшчальніку, і пры гэтым прызнаюць, што ставілі адзнакі за яго.

Гушчын апавёў "Комсомольской правде" пра травеньскі інцыдэнт, які, на ягоную думку, прывёў да звальнення: "Я павінен быў выставіць адзнакі ў атэстат выпускнікам, а гэта робіцца паводле адзнак за дзясяты і адзінаццаты класы. Калі я ўзяў журнал за мінулы год, то выявіў, што адзнакі некаторых вучняў падробленыя. Толькі ў маім прадмеце такіх было пяць чалавек".

"Наколькі я зразумеў, згодна з новымі правіламі ў вучня не можа быць двойкі за чвэрць або за паўгоддзе. Гэтае распараджэнне выйшла нядаўна, але адміністрацыя дазналася пра яго толькі пасля таго, як у школу прыйшла праверка і сказала, што выяўленыя недапрацоўкі. Адпаведна ва ўсіх, у каго ўжо стаялі двойкі, іх трэба было выправіць. Але замест таго, каб выклікаць дзяцей і папрасіць іх нешта пераздаць, адміністрацыя пастанавіла проста адкрыць журнал і ўсё там падчысціць. Вядома, нам ніхто гэта не давёў", – заявіў Гушчын.

У публікацыі КП ёсць фота журнала з укладзенай цыдулкай "Не выпраўляць!". Гушчын сцвярджае, што гаворка ідзе пра гадавую пяцёрку дзяўчынцы, якая прэтэндуе на медаль.

Пасля таго як настаўнік надаў гісторыі галоснасць на сваёй старонцы ў сацсетцы, яму давялося пазнаёміцца з загадам пра звальненне.

Дырэктарка гімназіі Галіна Нікіціна патлумачыла звальненне Гушчына інакш. Заявіла, што ён быў сумяшчальнікам, і на ягонае месца знайшлі іншага педагога, які будзе працаваць на пастаяннай аснове. "Што тычыцца гісторыі з адзнакамі – Дзмітрый Дзмітрыевіч не выстаўляў адзнакі своечасова сам, таму мне давялося яму дапамагчы", – паведаміла яна.

Імя Гушчына стала вядомае ў сувязі са скандалам са здачай АДЭ ў 2011 годзе: ён выявіў, што правільныя адказы матэматыкі выкладвалі ў сацсетку, што прывяло да масавага спісвання.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках