2 траўня 2024, Чацвер, 3:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аўгустоўскі» бязвізавы рэжым: Ці пусцяць турыстаў у Горадню?

1
«Аўгустоўскі» бязвізавы рэжым: Ці пусцяць турыстаў у Горадню?

Замежным грамадзянам дазволілі ездзіць на Аўгустоўскі канал без віз - такі ўказ падпісаў Лукашэнка.

Дакумент дазваляе ўсім замежным турыстам 5 дзён знаходзіцца ў парку «Аўгустоўскі канал» і яго ваколіцах.

Такое права атрымаюць усе замежныя грамадзяне, якія прыедуць да нас праз пункты пропуску «Лясная», «Брузгі» (мяжа з Польшчай) і «Прывалка» (з Літвой).

Новы дакумент будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года. Аднак у ім прапісана «магчымасць падаўжэння на нявызначаны тэрмін».

Што гэта можа азначаць на практыцы? Аўгустоўскі канал зусім недалёка ад Горадні, а калі ехаць туды праз Брузгі, то самы зручны шлях пралягае як раз праз абласны цэнтр. Замежнікі змогуць наведваць Горадню без беларускай візы? У Памежным камітэце Еўрарадыё тлумачаць, што гэта імаверна, аднак працэдура пакуль да канца не прапісаная.

«Яшчэ ёсць час для прапрацоўкі шэрагу момантаў, звязаных менавіта з пропускам. Дзе і як вырашаць пытанні. Пакуль рана казаць, ці можна будзе без візы ўязджаць у Горадню. Гэтыя пытанні прапрацоўваюцца і будуць даведзены да працоўнага моманту», - кажуць у прэс-службе памежнага камітэта.

А начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык у размове з выданнем «Турызм і адпачынак» заявіў наступнае:

«У так званую бязвізавую зону трапляе не толькі сам Аўгустоўскі канал, але і амаль увесь Гарадзенскі раён і, вядома, старадаўні горад Горадня. Гэта накладвае на нас усіх пэўную адказнасць. Перш за ўсё, гарадзенцы павінны паказаць, што яны ветлівыя гаспадары».

Прыехаць у Беларусь без візы можна будзе толькі праз адзін пункт пропуску - Перароў-Белавежа. Ён знаходзіцца ў самой пушчы, перасякаць мяжу тут можна толькі на ровары або пешшу. Адлегласць да Пружанаў - 45 кіламетраў, да Камянца - 40, да Бельска-Падляшскага - 48. На аўтамабілі не пусцяць - яго давядзецца пакінуць у Польшчы.

Улічваючы, што адзіная дарога з Брузгоў да Аўгустоўскага канала ідзе праз Горадню, было б лагічна дазволіць замежнікам спыніцца на некаторы час у самым прывабным з турыстычнага пункту гледжання беларускім горадзе. Тым больш што пяці заяўленых ва ўказе кіраўніка дзяржавы дзён сапраўды хопіць і на Аўгустоўскі канал, і на Горадню.

Бязвізавы ўезд на Аўгустоўскі канал - не першая такая ініцыятыва беларускіх уладаў. Упершыню на такі крок яны пайшлі падчас чэмпіянату свету ў хакеі 2014 года. Тады без візы ў Беларусь можна было прыехаць проста з квітком на хакейны матч. 9 сакавіка 2015 года Лукашэнка падпісаў указ аб бязвізавым уездзе ў Белавежскую пушчу - дакумент пачаў дзейнічаць 12 чэрвеня таго ж года. Са слоў памежнікаў, гэта не дало ім ніякіх праблем. Ніхто з «бязвізавых» турыстаў не спрабаваў пранікнуць далей, чым было дазволена.

«Негатыўных або адмоўных момантаў з гэтым пытаннем мы ў Белавежскай пушчы не мелі. Як правіла, туды ездзяць арганізаваныя турыстычныя групы. І ніякіх праблем падчас працы з такімі турыстамі мы не сустракалі», - кажуць у Памежным камітэце.

У Нацыянальным парку «Белавежская пушча» не змаглі паведаміць, колькі замежных турыстаў прыехала да іх за апошні год без беларускай візы. Аднак запэўнілі, што «яны ёсць».

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, беларускія ўлады ўжо працуюць над новымі дакументамі, якія значна спросцяць візіт у Беларусь замежным турыстам. Наколькі рэвалюцыйнымі яны апынуцца, мы зможам убачыць ужо налета.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках