2 траўня 2024, Чацвер, 2:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Загадкавыя камяні ў расстрэльным лесе пад Воршай

15

Вакол месцаў, дзе былі расстраляныя рэпрэсаваныя, цяпер выкладзеныя камяні.

У 20-30 гадах XX стагоддзя ў межах тагачаснай Воршы (каля Магілёўскай шашы, цяпер мікрараён-3) расстрэльвалі рэпрэсаваных, у тым ліку было расстраляна шмат святароў, паведамляе «Радыё Рацыя».

Але гэта прыгараднае месца ніяк не ўвекавечана дагэтуль. Вядома, што яшчэ да вайны людзі спрабавалі ставіць у расстрэльным лесе крыжы і адзначаць імі расстрэльныя магілы.

Цяпер вакол расстрэльных ям у некаторых месцах выкладзеныя камяні.

Паказанні жыхаркі вёскі Паддубцы С. Кандраценка былі прыведзены ў артыкуле Юрыя Копціка «Груганы на Кабыляцкай гары» (газета «Літаратура і Мастацтва», 1989):

«А другой гадзіне ночы непадалёк ад горада сустрэлі машыну «варанок» з двума ліхтарамі на будцы. Машына ехала насустрач і непадалёк ад нас звярнула ў лес у левы бок. Мы гэта месца запомнілі. Недзе праз тыдзень ішлі з горада. Пайшлі, кажу, зойдзем, паглядзім, куды машына з'язджала - там яшчэ з'езд з шашы добры быў. Зайшлі мы ў лес. Бачым - сядзіць дзяўчынка маленькая, магіла свежая, сядзіць каля яе бабка старая. На магілцы стаіць стаграмовая бутэлечка гарэлкі, каша ячная ў місачцы, канун называецца. Павіталіся мы. Бабка кажа:

- Сядайце, спамяніце нябожчыка.

- А хто тут пахаваны? - пытаем.

- Мой сынок, дзетачкі, святаром ён быў, расстралялі яго тут. А гэта мая ўнучка, - паказала яна на дзяўчынку.

Паглядзела я вакол, а там не адна гэтая магілка. Вакол ўсюды зямля паўскопваная. Іншыя магілы нават толкам не закапаныя, зямля на іх правалілася».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках