19 красавiка 2024, Пятніца, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве пройдуць Дні культуры Беларусі

У Літве пройдуць Дні культуры Беларусі

Культурная акцыя пачнецца супольным выставачным праектам беларускіх і літоўскіх мастакоў «Разам».

Прэзентацыя выставы адбудзецца 30 жніўня а 18.00 у Галерэі літоўскага саюза мастакоў «Арка» (ул.Аўшрос Варту, 7, Вільня), піша delfi.lt.

Беларускую частку праекта прадэманструюць работы вядомых майстроў: жывапіс Анатоля Кузняцова, Ірыны Кузняцовай, Тамары Шэлест, Дзяніса Барсукова; графіка Веры Ягоўдзік; фатаграфіі Уладзіміра Парфянка і Аляксея Кузняцова. Арганізатарамі экспазіцыі выступаюць Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Галерэя літоўскага саюза мастакоў «Арка» і пасольства Беларусі ў Літве.

Праграмай Дзён беларускай культуры прадугледжаныя гастролі Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Спектаклі для дарослых і дзяцей будуць прадэманстраваныя ў верасні-кастрычніку ў гарадах Вільні, Шаўлі, Шальчынінкаі і Швянчонісе.

23-24 верасня студэнцкі хор Беларускай акадэміі музыкі выступіць у Вільні і Каўнасе на VI Міжнародным фестывалі харавой сакральнай музыкі імя Св.Якава.

Беларускі акадэмічны музычны тэатр пакажа на сцэнічнай пляцоўцы Рускага драматычнага тэатра Літвы новую пастаноўку - балет «Клеапатра» (18 верасня), вядомую аперэту Ёгана Штрауса «Лятучая мыш» (26 лістапада), аперэту вугорскага кампазітара Імрэ Кальмана «Сільва» (27 лістапада) і дзве пастаноўкі для дзяцей - «Прыгоды Кая і Герды» (18 верасня) і «Бураціна.BY» (27 лістапада).

1 кастрычніка Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча выступіць на святочным мерапрыемстве ў горадзе Цяльшаі, які сёлета аб'яўлены культурнай сталіцай Літвы. Запланаваны таксама канцэрт ансамбля ў Клайпедзе.

Традыцыйнае Свята беларускай песні адбудзецца 8 кастрычніка ў Вільні. У канцэрце возьмуць удзел як аматарскія ансамблі беларускай дыяспары з розных рэгіёнаў Літвы, так і прафесійныя калектывы з Беларусі.

Знакавай падзеяй стане Фэст беларускага кіно, які пройдзе ў кастрычніку ў Вільні, Клайпедзе, Вісагінасе і Шальчынінкаі. Магілёўскі абласны драматычны тэатр (галоўны рэжысёр Варнас Саўлюс) 27 кастрычніка прэзентуе на пляцоўцы Рускага драматычнага тэатра Літвы спектакль «Фрэкен Жулі».

У рамках Дзён культуры пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя памятным датам класікаў беларускай літаратуры - Якуба Коласа і Максіма Багдановіча.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках