4 траўня 2024, Субота, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наведвальнікам рэстарацыі ўключылі ў рахунак музыку, якой яны не чулі

12
Наведвальнікам рэстарацыі ўключылі ў рахунак музыку, якой яны не чулі
ФОТА: ONLINER.BY

Варта загадзя ўдакладняць, якія паслугі вам уключаць у кошт.

Лета, зоркі, рамантыка, рэстарацыя. Выдатная абстаноўка для ўзнікнення канфлікту паміж установай грамадскага харчавання і кліентам. Гомелец Павел падзяліўся праблемай: ад яго раптам запатрабавалі заплаціць за музыку, якой ён не чуў. У рэстарацыі свая версія, піша onliner.by.

- Учора я ў кампаніі траіх сяброў прыкладна а 21:00 прыйшоў у «Чыста піўную рэстарацыю» у Гомелі, - апісвае сітуацыю Павел. - Столік выбралі на летняй тэрасе. Прыкладна а 22:50 афіцыянтка сказала, што мы абавязаныя заплаціць за музычную праграму, якую выконвалі ў суседнім памяшканні. У сувязі з тым, што фізічна немагчыма было чуць музыку і бачыць выканаўцаў, мы адмовіліся. На пытанне, чаму нас ніхто не папярэдзіў пра патрэбу плаціць за музыку, мэнэджар сказала, што гэта ўсім і так вядома, прыстрашыла аховай.

Са слоў гомельца, у рэстарацыі ні звонку, ні ўнутры няма інфармацыі аб тым, што трэба плаціць за музыку, а вусна яго ніхто не папярэдзіў. Павел кажа, што афішу яму паказалі ўжо пасля ўзнікнення канфлікту, ды і на ёй няма інфармацыі аб патрэбе плаціць за музыку.

Павел і ягоныя сябры ў выніку заплацілі, але не зусім зразумелі за што. («Мужчынская гутарка» ў чэку - страва, а не размова, папрасілі ўдакладніць ва установе.)

ФОТА: ONLINER.BY

Адміністратар «Чыста піўной рэстарацыі» Ганна памятае гэты інцыдэнт. З ейных слоў, усё выглядае крыху інакш:

- У нас вечарамі выступаюць музыкі, буднямі яны пачынаюць граць а 20.30. Гэта мы анансуем у сацсетках, а таксама афішы з сумай ёсць ля ўваходу ў рэстарацыю і ў холе. Такім чынам, госць плаціць і за музычнае абслугоўванне. Гэта звычайная практыка, некаторыя ўстановы бяруць грошы за ўваход, мы ж наважылі браць невялікую плату за музычнае абслугоўванне.

Учора граў спакойны акустычны гурт, гэта каштавала 1,49 рубля з кожнага. Афіцыянтка паведаміла пра гэта наведвальнікам за 10 хвілін да таго, як прынесла рахунак. Мы не можам вусна папярэджваць кожнага, таму і вісяць афішы. Магчыма, маладзён проста іх не заўважыў. Сапраўды, з летняй тэрасы не відаць сцэну, яна знаходзіцца ў агульнай зале. Але музыка чутная, дзверы спецыяльна адчыненыя.

Зразумела, што бакі ў стомільённы раз засталіся кожны пры сваім меркаванні. Але іх досвед, магчыма, дапаможа іншым пазбегнуць непаразумення ў розных сферах. Прынамсі, варта загадзя ўдакладняць, якія паслугі вам уключаць у кошт.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках