Будоўля бізнэс-цэнтра «Газпрома» на месцы аўтавакзала «Маскоўскі» пад пагрозай зрыву
21- 31.08.2016, 14:59
- 22,329
![Будоўля бізнэс-цэнтра «Газпрома» на месцы аўтавакзала «Маскоўскі» пад пагрозай зрыву](https://i.c97.org/p/articles/2016/ai-220181-aux-head-2060831_gazprom_new_tt.jpg)
Праз запазычанасць Беларусі ў газе, скандальны бізнес-цэнтр на месцы аўтавакзала «Маскоўскі», магчыма, так і не будзе пабудаваны.
Як стала вядома «Беларускаму партызану», карпарацыя «Газпром» можа замарозіць будаўніцтва бізнэс-цэнтра на месцы аўтавакзала «Маскоўскі» праз запазычанасць Беларусі ў газе.
Будоўля фінансавалася з маржы «Газпром трансгаз Беларусь» і пасля таго, як маржа знізілася, грошай на будоўлю не стае.
Пачаліся звальненні і ў самім «Газпром трансгазе Беларусі». У асноўным скарачэнні кранулі адміністрацыйны персанал.
Само месца будаўніцтва агароджанае ад старонніх вачэй 4-х метровым парканам. На будоўлі працоўных практычна няма, працуе толькі адзін пад'ёмны кран з дзевяці. Візуальна на месцы былога аўтавакзала за год мала што змянілася.
![](https://i.c97.org/p/galleries/2016/gi-22782-114333-big.jpg)
Нагадаем, аўтавакзал «Маскоўскі» быў адкрыты для пасажыраў у жніўні 1999 года. На рэспубліканскім архітэктурным форуме будынак быў удастоены Гран-пры за найлепшую пабудову года. У 2002 годзе будынак аўтавакзала прызнаны найлепшым архітэктурным будынкам года. Аўтавакзал уважаўся за адзін з найбуйнейшых аўтавакзалаў у Еўропе. Умяшчальнасць будынка аўтавакзала складае 600 пасажыраў, сутачная прапускная здольнасць - 6 тысяч пасажыраў.
У 2012 годзе яшчэ амаль новы будынак вакзала наважылі знесці ва ўгоду «Газпрому», які захацеў менавіта на гэтым месцы пабудаваць свой бізнэс-цэнтр коштам, як паведамлялася, не меншым чым 500 млн даляраў. У 2014 годзе будынак аўтавакзала быў знесены. Будаўніцтва бізнэс-цэнтра пачалося 21 жніўня 2015 года. Скончыць будаўніцтва планавалася да 2018 года.
![](https://i.c97.org/p/galleries/2016/gi-22782-114338-big.jpg)
Нагадаем таксама, што запазычанасць Беларусі за расейскі газ ужо дасягнула 270 мільёнаў даляраў. Афіцыйны Менск доўгі час яе не прызнаваў, заяўляючы аб несправядлівасці існага кантрактнага кошту ў 132,77 даляра за тысячу кубаметраў. Расейскі бок намагаў на тым, што да зняцця рознагалоссяў аплата павінна ажыццяўляцца згодна з кантрактнай цаной.
Паводле апошняй інфармацыі Беларусь пагадзілася выплаціць у найбліжэйшы час запазычанасць за расейскі газ у абмен на аднаўленне паставак нафты з Расеі ў ранейшым аб'ёме. Пры гэтым бакі могуць змяніць міжурадавае пагадненне ад 2011 года аб пастаўках газу ў Беларусь так, каб прыбраць адтуль напамінак аб пераходзе на роўнадаходныя кошты газу. Беларусь пры гэтым, распавядаюць крыніцы расейскага выдання, намагае на зніжэнні кошту газу прыкладна на чвэрць і яшчэ больш істотна - для сваіх электрастанцый. Расея гатовая гэта абмяркоўваць, але выстаўляе сустрэчныя прапановы - рэанімаваць ідэі інтэграцыйных праектаў.