5 траўня 2024, Нядзеля, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі зладзілі акцыю пратэсту на праспекце Незалежнасці

6

Каля дзесятка жыхароў дома №80 па праспекце Незалежнасці выйшлі ўвечары 31 жніўня на вуліцу, каб данесці да ўладаў праблему зацягнутага капрамонту.

Акцыя прайшла ў межах сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты па Каліноўскай выбарчай акрузе Юрыем Губарэвічем (рух «За Свабоду»). Жыхары дома выйшлі на праспект Незалежнасці з патрабаваннем скончыць капітальны рамонт. Ён працягваецца з сакавіка 2013 года. Аднак дагэтуль не завершана замена сістэмы ацяплення, не праведзены рамонт ліфтаў, не закончанае добраўпарадкаванне двара і т. д. На свае звароты жыхары дома атрымліваюць адпіскі.

Удзельнікі акцыі разгарнулі расцяжку: «Ратуйце наш дом! Пр-т Незалежнасці 80. Патрабуем скончыць капрамонт». Яны збіралі подпісы пад чарговым зваротам да дзяржаўных органаў з патрабаваннем «няўхільнага выканання работ па капітальным рамонце».

Жыхар дома №80 Віктар Нырцоў па праспекце Незалежнасці паказвае адно з лістоў у ЖКГ. Па ім ён атрымаў два адказы. У адным гаворыцца, што ў пад'ездзе ўсталююць выключальнік, у іншым - фотарэле, паведамляе tut.by.

- Пры чым тут гэта, - здзіўляецца пенсіянер, - Ніякіх мер не прымаецца, толькі адпіскі. Мы даўно за рамонт заплацілі. За што я зараз плачу?

Яшчэ адзін жыхар дома - Аляксандр. Ён купіў тут кватэру некалькі месяцаў таму і пра праблему не ведаў. На будаўнічы гарадок адрэагаваў спакойна: раз стаіць - значыць, ідзе рамонт і ён хутка скончыцца.

- Пра тое, што ён тут знаходзіцца 4 гады, мне распавялі суседзі, - кажа ён. - Я думаў, што такія трушчобы можна ўбачыць толькі ў Рыа-дэ-Жанейра. Менавіта з двара пачынаецца радзіма ў дзяцей. Дзіця выйшла на арэлі пакатацца і яно ўпіраецца ў будоўлю. Калі мы пазіцыянуем Менск як еўрапейскую сталіцу, як такое можа адбывацца?

Наталля Літоўская таксама жыхар гэтага дома. Яна абураецца, што чыноўнікі не хочуць вырашаць праблему.

- Сістэма такая: з любой інстанцыі адказы на нашы звароты спускаюцца да ўзроўню ЖРЭА, з якога атрымліваем чарговую адпіску, - кажа жыхарка дома.

Яна ўдакладняе, што рамонт спяшаліся скончыць да чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Таму, лічыць яна, дом абліцавалі самым танным матэрыялам, паставілі самыя танныя шклопакеты.

НАТАЛЛЯ ЛІТОЎСКАЯ

- Агульны настрой жыхароў - лепш, каб рамонт не рабілі. Стала толькі горш. Дом ператварылі ў спальную 9-павярхоўку, як на ўскраіне. Мармуровую плітку замянілі на танную. Лічыльнікі паставілі самыя танныя. Хто прапаноўваў свае ўсталяваць, лепшыя, ім адмаўлялі - давялося ўсталёўваць закупленыя грувасткія. Павыбівалі сцены - гэта павінны жыхары дарабляць. Мучымся чацвёрты год. А для дзяржаўных СМІ гэтая тэма - табу.

Літоўская таксама звяртае ўвагу на іншую праблему. У цёплы час года ў двары дома пакідаюць машыны госці Батанічнага саду і парку Чалюскінцаў.

- Машыны ставяць на ходнікі і газоны, пакідаюць пасля сябе смецце, ходзяць у туалет пад нашы вокны. На нашы звароты ў ДАІ нам прапанавалі купіць шлагбаўмы за свае грошы, - абураецца яна.

Паводле яе слоў, жыхарам удалося сабраць 85 подпісаў з патрабаваннем да чыноўнікаў развязаць іх праблемы (усяго ў доме 100 кватэр).

У звароце ўказваецца, што працоўныя не правялі прадугледжаную праектам замену сістэмы ацяплення, рамонт смеццеправода, не завяршылі электрамантажныя працы, не ўсталявалі прымусовую вентыляцыю, не добраўпарадкавалі і не азелянілі дваровую тэрыторыю.

Акрамя выканання пералічаных работ жыхары патрабуюць ад улады кампенсацыі маральнай шкоды.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках