3 траўня 2024, Пятніца, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Мсціслава пра Дажынкі: Грошы пайшлі не туды, куды было трэба

4

Замест таго, каб наводзіць у горадзе касметычны марафет, трэба было аднавіць мясцовыя прадпрыемствы.

Рыцарскімі баямі, наданнем цэнтральнай плошчы імя Пятра Мсціслаўца, вяртаннем гістарычных назваў дзвюм вуліцам і лёгкім рамонтам старых будынкаў адзначыліся цяперашнія абласныя Дажынкі ў Мсціславе. Фестываль працаўнікоў вёскі пачаўся 24 верасня, паведамляе «Радыё Свабода».

Дажынкі – добра, была б яшчэ зарплата

«Свята было б святам, калі б далі зарплату», – так пра Дажынкі казалі жыхары Мсціслава, з якімі атрымалася пагутарыць на прыбраных ягоных вуліцах. Многія згадвалі, што з заробкаў вылічвалі грошы на падрыхтоўку райцэнтра да фестывалю. Людзям гэта не падабалася, але дзявацца, як яны казалі, ім не было куды.

«Горад стаў значна прыгажэйшы, бо ў яго ўвалілі вельмі шмат грошай», – казаў адзін з мінакоў.

«Ёсць, аднак, сярод гараджанаў нямала праціўнікаў падыходу, які выкарыстоўвалі ўлады, калі рыхтавалі Мсціслаў да фестывалю. Людзі мяркуюць, што не туды пайшлі грошы, куды трэба іх укладваць, – казаў суразмоўца, – Можна было нейкія прадпрыемствы паспрабаваць аднавіць, а не зносіць дамы ў акрузе. Вельмі шмат грошай пайшло на гэтую прыгажосць».

«Жніво прайшло ў сціслыя тэрміны з мінімальнымі выдаткамі»

Гасцям у Мсціславе кідалася ў вочы гарадская ўпарадкаванасць. Цэнтральная плошча, якой далі імя Пятра Мсціслаўца, змянілася непазнавальна. Падчас яе рамонту будаўнікі натыкнуліся на старыя скляпенні і хутка іх засыпалі. Цяпер на месцы гандлёвых шэрагаў – стаянка.

На плошчы Пятра Мсціслаўца адкрывалі рыцарскі фэст і самі «Дажынкі». Ад фестывальнай пляцоўкі фігура друкара на помніку была павернутая спінай.

«Дзякуючы ўсім галінам народнай гаспадаркі сабраны добры ўраджай збожжавых і зернебабовых культураў. Іхні намалот склаў 1 мільён 703 тысячы тон. Уборка хлеба адбылася ў сціслыя тэрміны з мінімальнымі стратамі», – рапартаваў адзін з пераможцаў сёлетняга жніва старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Чыноўнік у сваёй прамове падзякаваў сялянам і гараджанам, якія дапамагалі з жнівом. Ён адзначыў, што яно сёлета было «сапраўды народным».

«Сімвалічна, што ў год культуры мы праводзім фестываль менавіта ў Мсціславе. У горадзе з багатым гістарычным мінулым, – казаў кіраўнік вобласці. – У горадзе, які нездарма называюць адным з найважнейшых цэнтраў беларускай святасці, духоўнай культуры і дзяржаўнасці. Варта згадаць, што заснавальнік горада, князь Расціслаў Мсціслававіч, далучаны праваслаўнай царквой да святых...».

Каталіцкія святыні ў заняпадзе, праваслаўныя зіхацяць

Пірагоўская – адна з вуліцаў, якой вярнулі гістарычную назву. Яе зрабілі пешаходнай. Вярнулі Мсціслаўскай тапаніміцы і вуліцу Кармеліцкую. Вядзе яна ад гарадскога цэнтра да касцёла кармелітаў, які глядзіць на Замкавую гару.

Пірагоўская выводзіць да будынка былога езуіцкага касцёла. Ягоны выгляд бедны. Непадалёк ад каталіцкай святыні царква Аляксандра Неўскага зіхаціць сваімі купаламі.

Увогуле ў Мсціславе кантраст паміж станам мясцовых каталіцкіх і праваслаўных святыняў прыкметны.

Кармеліцкі касцёл, да прыкладу, толькі звонку пабялілі, а заняпалы будынак Свята-Траецкай царквы аднавілі і асвяцілі.

Аўральныя Дажынкі з рамонтам, але без рэстаўрацыі

«Зроблены рамонт (пра рэстаўрацыю пакуль складана гаварыць у поўным аб'ёме), безумоўна, плюс Мсціслава», – выказаў сваё бачанне перспектываў усходнебеларускага горада гісторык і дэпутат «палаткі» Ігар Марзалюк.

«Цяпер трэба дамагацца для Мсціслава статусу нацыянальнага запаведніка, каб быў для горада радок бюджэту і нармальнае фінансаванне. Каб былі стаўкі рэстаўратарам. Гэта магчыма, але для гэтага трэба рупіцца», – даводзіў гісторык.

Жыхар Мсціслава рэстаўратар Юрый Маліноўскі пагаджаецца, што горад папрыгажэў. Ён адзначае добры рамонт тратуараў, праезнай часткі, а таксама ўстаноўку паркавых скульптураў.

«Вядома ж, хацелася б лепшага мэнэджмэнту. Каб горад не рыхтаваўся ў аўральным рэжыме, а каб загадзя былі падрыхтаваныя праекты, – дадаў ён. – Гэта ў адрамантаваных дамах выявіцца. Вядома ж будуць праблемы».

Згадаў суразмоўца і глабальную для Беларусі праблему: знішчэнне прафесійнай рэстаўрацыі.

Шыльдачку з новай назвай цэнтральнай плошчы Мсціслава адкрылі ўрачыста. Шыльдачак ж, на якіх было б напісана Пірагоўская і Кармеліцкая, адшукаць не ўдалося.

Юрый Маліноўскі спадзяецца, што ў будучыні ў Мсціслава назваў вуліцаў, якім вернуць гістарычныя назвы, дадасца. «Не варта чакаць, каб адразу перайменавалі ўсе вуліцы, – кажа ён. – Галоўнае было зрушыць гэты працэс. Яго зрушылі. Цяпер галоўнае не спыняцца».

Рыцарскі фэст і Дажынкі – няправільнае спалучэнне

Сёлета штогадовы «Рыцарскі фэст» зрабілі часткай Дажынак. Многія заўсёднікі фестывалю адзначалі, што спалучэнне двух мерапрыемстваў – няправільны крок, бо, з іх словаў, афіцыйным пафасам размываецца дух рыцарства. «Можа, так эканомілі сродкі», – выказвалі здагадку рыцары.

Пакуль адкрывалі Дажынкі, рыцары на Замкавай гары трэніраваліся перад боем. Замкавая гара змянілася. Тут вырас «сярэднявечны дзяцінец» з вежай і ўмацаваннямі.

«Нам падабаецца тое, што зрабілі сёлета на Замкавай гары. Раней яна была пустой, не забудаванай. Цяпер жа выглядае як у кніжцы гісторыі», – выказваліся аматары старажытнай рэканструкцыі.

Міліцыя, турнікеты і металашукальнікі – штодзённасць беларускіх святаў

Паводле беларускага звычаю, праход на мерапрыемствы Дажынак адбываўся праз металашукальнікі. Было шмат міліцыі. Пляцоўка, на якой праходзіла адкрыццё Дажынак, была агароджаная турнікетамі. Прыходзілі на яе толькі тыя, у каго былі запрашэнні. Многія, хто хацеў убачыць урачыстасць, убачыўшы турнікеты, сыходзілі з плошчы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках