25 красавiка 2024, Чацвер, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада бяспекі ААН збярэцца на тэрміновае паседжанне аб Алепа

2
Рада бяспекі ААН збярэцца на тэрміновае паседжанне аб Алепа

Абвастрэнне сітуацыі ў Алепа стане тэмай абмеркавання экстранага паседжання Рады бяспекі ААН, якое прызначана на нядзелю.

Злучаныя Штаты Амерыкі, Вялікая Брытанія і Францыя заклікалі да склікання экстранага паседжання Рады Бяспекі ААН паводле сітуацыі ў Сірыі, паведамляе Reuters са спасылкай на дыпламатаў.

Паводле іхняй інфармацыі, паседжанне Рады бяспекі ААН адбудзецца ў нядзелю а 15-й GMT (18:00 мск). На ім будзе абмяркоўвацца абвастрэнне сітуацыі ў Алепа, паведамляе РБК.

У суботу позна ўвечары кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні і сябра Еўракамісіі ў гуманітарных пытаннях Хрыстос Стыліянідэс выпусцілі сумесную заяву, у якой выказалі трывогу з нагоды абвастрэння сітуацыі ў Алепа.

У ёй падкрэслівалася, што сітуацыя ў Алепа за апошнія 48 гадзінаў рэзка пагоршылася, нягледзячы на няспынныя спробы міжнароднай супольнасці спыніць баявыя дзеянні ў Сірыі.

«Пакуты мірным грамадзянам прычынялі бязладныя бамбаванні, абстрэлы і напады, а таксама пазбаўленне паставак гуманітарнай дапамогі, у тым ліку шляхам наўмыснай атакі на гуманітарны канвой на мінулым тыдні, што цяпер прывяло да перакрыцця водазабеспячэння большасці грамадзянскіх асобаў у горадзе. Гэта недапушчальнае парушэнне міжнароднага гуманітарнага права», – сказана ў заяве.

Магерыні і Стыліянідэс таксама звярнуліся да ўсіх краінаў, якія маюць уплыў на рэжым Башара Асада, а таксама да тых, у каго ёсць кантакты з узброенай апазіцыяй, з просьбай аказаць максімальны ціск на іх для спынення нападаў і забеспячэння бесперашкоднага і бесперапыннага доступу тым, хто мае патрэбу, да гуманітарнай дапамогі.

У заяве таксама гучыць заклік аднавіць як мага хутчэй палітычныя перамовы пад эгідай ААН у Жэневе. «ЕЗ разгледзіць дадатковыя меры, якія можа зрабіць, каб прымусіць усе бакі сесці за стол перамоваў», – сказана ў заяве.

У суботу Reuters са спасылкай на кіраўніка сілаў грамадзянскай абароны ў кантраляванай апазіцыяй усходняй частцы Алепа паведамляў пра новыя інтэнсіўныя авіяўдары. Паведамленні пра аднаўленне бамбаванняў Алепа пачалі паступаць з 22 верасня.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках