18 красавiка 2024, Чацвер, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Разборкі ў Менскай вобласці: бізнэсоўца забілі каля ўласнага дома

57
Разборкі ў Менскай вобласці: бізнэсоўца забілі каля ўласнага дома

На месцы трагедыі, якая адбылася раніцай 26 верасня ў Беразіно, дагэтуль працуюць экспэрты, следчыя, міліцыя і МНС.

«Мясцовы бізнэсовец выехаў з дому, у яго дом на ўскрайку лесу. Яго там непадалёк спынілі, застрэлілі, аўтамабіль падпалілі. Побач ехаў мясцовы пажарнік на працу, бачыць, стаіць аўтамабіль, з яго дым ідзе, адкрыў дзверы, разгледзеў цела, паспрабаваў яго дастаць, па ім з лесу страляць пачалі, каб адагнаць ад аўто. Ну ён у машыну па газах і ў міліцыю», - паведаміў tut.by мясцовы жыхар Вадзім.

Са словаў яшчэ аднаго мясцовага жыхара, прыяцеля Вадзіма, увагу выратавальніка, які праязджаў побач, прыцягнуў дым з-пад капота Audi Q5 на абочыне. Каля аўтамабіля мужчына ўбачыў «чалавека з падпаленай анучай, які кінуў яе на капот і ўцёк у лес».

Хутчэй за ўсё, яго спудзіў выратавальнік - у якога сапраўды сталі страляць з лесу, кажуць відавочцы. Але ён, са словаў мясцовых, мужчыну ў аўтамабілі ўжо нічым бы не дапамог, нават калі б паспеў дастаць - у салоне аўто быў труп з агнястрэльнымі раненнямі.

Афіцыйных каментароў пакуль няшмат.

- А 7.09 нам паведамілі, што на выездзе з Беразіно на трасе Барысаў-Беразіно-Бабруйск гарыць адкрытым полымем аўтамабіль. Супрацоўнікі РАУС разам з калегамі з іншых структур, якія прыбылі на месца, знайшлі ў салоне труп мужчыны. Ягоная асоба пакуль не ўстаноўленая, - паведаміў TUT.BY прэс-сакратар УУС Менаблвыканкама Яўген Сачак.

Выратавальнікам пра здарэнне паведамілі на хвіліну раней: «Падраздзяленні МНС выбылі на месца і аператыўна патушылі аўтамабіль, які гарэў адкрытым полымем. У салоне быў знойдзены труп мужчыны», - паведаміў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.

- На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Высвятляюцца абставіны смерці мужчыны, труп якога быў знойдзены ў салоне згарэлага аўтамабіля, - паведаміла афіцыйная прадстаўніца УСК у рэгіёне Таццяна Беланог.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках