24 красавiка 2024, Серада, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі бум на вывучэнне польскай мовы

6
У Беларусі бум на вывучэнне польскай мовы

Польская мова значна бліжэйшая да беларускай, чым расейская.

Польская мова як першая замежная. Такі варыянт навучання для аднаго з першых класаў падрыхтавалі ў менскай школе №69. Усяго ж у Беларусі абавязковым прадметам польская з'яўляецца ўсяго для 400 дзяцей, і гэта ўлічваючы, што ў краіне жывуць амаль 300 тысяч палякаў, піша «Белсат».

«Паводле Канстытуцыі Беларусі павінны стварацца ўмовы для вывучэння польскай мовы усім ахвочым. Гэта было б нармальна. Бо дзяржава павінна гарантаваць правы польскай меншасці на вывучэнне роднай мовы», - звярнула ўвагу Анжаліка Борыс, старшыня галоўнай рады Саюза палякаў у Беларусі.

Дзе вучаць? Як вучаць?

У краіне працуюць толькі 2 школы з выкладаннем усіх прадметаў па-польску - у Горадні і Ваўкавыску. Там займаюцца 700 дзяцей. Як факультатыўны прадмет польскую мову ў школах вывучаюць 13 тысяч дзяцей, хоць 11 гадоў таму гэтая лічба была на траціну большая.

Адна з пляцовак у Менску, дзе можна вывучыць польскую мову, створана ў «Таварыстве беларускай мовы».

«Польская мова бліжэй да беларускай мовы, чым расейская. Да нас прыходзіць шмат ахвочых яе вывучаць, і ўсе яны дзівяцца, як лёгка навучыцца польскай. Дарэчы, усе наведвальнікі курсаў уступаюць у ТБМ», - падкрэсліў Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы.

Дзесяткі прыватных фірмаў прапануюць курсы польскай мовы не толькі ў Менску, але і ва ўсёй Беларусі. Колькасць аб'яў расце штомесяц.

Адкуль такая зацікаўленасць?

«З уступленнем у сілу ў 2008 годзе закона Польшчы аб «карце паляка» назіраецца рост зацікаўленасці да польскай мовы, на што адрэагавалі камерцыйныя фірмы, якія адкрываюць курсы», - мяркуе Анджэліка Борыс.

За апошнія 9 гадоў 75 тысяч беларусаў атрымалі «карту паляка». Прыкладна столькі ж чалавек адвучыліся на курсах.

«Мая дачка вучылася ў Польшчы, выйшла там замуж, там у мяне ўжо 2 ўнучкі. Мне трэба да іх ездзіць, дапамагаць ім», - падзялілася Алена, навучэнка курсаў польскай мовы.

Вучаць польскую мову не толькі тыя беларусы, у якіх ёсць польскія карані.

«Калі я паеду ў Польшчу, то хацела б гаварыць там на мове гэтай краіны, каб выказаць такім чынам павагу да мясцовых людзей. Мне было б прыемна, калі б палякі таксама, прыязджаючы ў Беларусь, гаварылі па-беларуску», - падагульніла Ілона Пашкевіч.

У 20-30-я гады мінулага стагоддзя большасць школ Менска была беларускамоўнымі. Разам з тым працавалі і польскія. Зараз адукацыя ў сталіцы амаль выключна расейскамоўная. А каб навучыцца польскай (зрэшты, часта, як і беларускай), трэба запісвацца на курсы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках