18 красавiка 2024, Чацвер, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску адзначылі 150-годдзе Міхаіла Грушэўскага

У Менску адзначылі 150-годдзе Міхаіла Грушэўскага

Украінскі гісторык і палітык, кіраўнік УНР, актыўна супрацоўнічаў з урадам БНР.

У галерэі "Лабірынт" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адзначылі 150-годдзе ўкраінскага гісторыка і палітыка Міхаіла Грушэўскага, паведамілі charter97.org у прэс-службе Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Менавіта 30 верасня ў горадзе Хелме на ўсходзе Польшчы 150 гадоў таму нарадзіўся бацька ўкраінскай гістарыяграфіі, адзін з лідараў нацыянальнага адраджэння Украіны другой паловы XIX - першай трэці XX ст. Да гэтай даты пасольства Украіны ў Беларусі арганізавала святочнае мерапрыемства, куды запрасіла дыпламатаў, даследчыкаў украінска-беларускіх сувязяў, мастакоў, журналістаў, дзеячаў культуры. Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падрыхтавалі выставу кніг Міхаіла Грушэўскага, у тым ліку надзвычай рэдкіх прыжыццёвых выданняў, якія захоўваюцца ў галоўным кнігасховішчы краіны.

Перад гледачамі выступілі Часовы павераны Украіны ў справах Рэспублікі Беларусь Валерый Джыгун і былы шматгадовы пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ Віктар Кахновіч распавёў пра жыццёвы шлях, палітычную і навуковую кар'еру Міхаіла Грушэўскага, які ўзначальваў Цэнтральную Раду Украінскай Народнай Рэспублікі ў 1917-1918 гг.

Аб нядаўніх архіўных знаходках, якія сведчаць аб супрацоўніцтве Грушэўскага з урадам БНР і беларускага зямляцтва ў Кіеве, паведаміў кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Мазец.

Публіка цёпла прымала ансамбль украінскага хору "Крыніца" (кіраўніца Маргарыта Кучук), які выканаў некалькі песень, у тым ліку на вершы Івана Франка, што сябраваў з Міхаілам Грушэўскім.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках