28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску адкрылася выстава карцін Адама Глобуса

1
У Менску адкрылася выстава карцін Адама Глобуса

Так сям'я вядомага мастака і пісьменніка павіншавала яго з днём нараджэння.

Выставу арганізавалі да дня нараджэння Адама Глобуса ўпотай ад яго самога.

«Для нас вялікая праблема зрабіць падарунак Адаму. Таму мая дачка падала ідэю: зрабіць яму выставу. Ён у нас мастак, а выстава для мастака - найлепшы падарунак, - кажа фатограф Алена Адамчык, жонка Адама Глобуса. - Што можна падарыць мастаку, таленавітаму чалавеку, у якога ўсё ёсць? І мы наважылі, што трэба падарыць тое, чаго ён сапраўды не чакае».

Выстава павінна была стаць сюрпрызам. Таму інфармацыя пра месца і час яе правядзення не распаўсюджваліся праз сацыяльныя сеткі, якімі актыўна карыстаецца Глобус. Гасцей запрашалі асабіста. А спадара Адама на выставу хітрасцю заманіла дачка, паведамляе «Белсат».

«Я яму сказала, што ў мяне для яго падарунак, але ён цяжкі, за ім трэба зайсці ў адно месца. Ён пацікавіўся, што гэта, фатаграфія або партрэт. Я адказала, што так, часткова гэта твой партрэт», - кажа дачка Глобуса Ядвіга Адамчык.

Свой дзень нараджэння Адам Глобус планаваў адзначыць зусім інакш.

«Я планаваў, што будзе ціхая сямейная вячэра з роднымі, потым я пагляджу тэлевізар, скажу ўсім на «Фэйсбуку» дзякуй за віншаванні - і на гэтым усё», - прызнаўся пісьменнік і мастак.

Выстава твораў Адама Глобуса стала нечаканасцю не толькі для мастака, але і для яго сяброў.

«Для мяне Адам Глобус - чалавек вялікай сціпласці, але там, дзе трэба, гэта прынцыповы таварыш, і таму я яго вельмі паважаю. І - з днём нараджэння, Вова!», - павіншаваў Адама Глобуса (Уладзіміра Адамчыка) калекцыянер Аляксандр Радаеў.

Карціны і малюнкі Адама Глобуса ўсе ахвочыя могуць убачыць у галерэі «DK» на вуліцы Герцэна. А тое-сёе і набыць. Аўтар шчодра дзеліцца сваімі творамі з прыхільнікамі яго таленту.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках