19 красавiка 2024, Пятніца, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь жыве!

6
Беларусь жыве!
ФОТА: BELSAT.EU

У Беластоку адзначылі 20-годдзе легендарнага «Народнага альбома».

Музычны спектакль паводле кампазіцый з «Народнага альбома» прайшоў на сцэне Падляшскай оперы.

Фотарэпартаж charter97.org глядзіце тут.

На сцэне выступілі 6 выканаўцаў, якія бралі ўдзел у менскай прэм'еры «Народнага альбома» 20 год таму: Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Аляксандар Памідораў і Сяргей Ахрамовіч. Артыстаў першага складу падтрымалі два беларускія гурты: «Apple Tea» і «Aquarelle Quartet».

Канцэрт будзе паказаны на тэлеканале «Белсат» у навагоднюю ноч.

Сцэна Падляскай оперы была абсталяваная ў выглядзе местачковай карчмы на былым польска-савецкім памежжы. Усе артысты гралі людзей, якія апынуліся ў гэтым месцы перад самым пачаткам ІІ сусветнай вайны. Гэтак перад гледачамі зʼявіліся кантрабандысты, шпіёны, настаўнік Рагойша, студэнтка з Варшавы Аліцыя, прыхільнік «Польшчы ад мора да мора» Казік Пясэцкі, працаўнік піларамы Юзік, які «чакае расейскія танкі», і гэтак далей.

Большасць гэтых вобразаў і тэксты адпаведных песень прыдумаў стваральнік канцэпцыі «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў. Прычым ягоныя ідэі ўзніклі цалкам самастойна – без уплыву раманаў Сяргея Пясэцкага, які ў сваіх творах падрабязна апісаў міжваеннае жыццё ў Ракаве – «сталіцы авантурнікаў і кантрабандыстаў» на польска-савецкай мяжы.

Удзельнік «Народнага альбому» Зміцер Вайцюшкевіч адзначыў, што кожны музыка з праекту марыў бы прэзентаваць спектакль у Беларусі, але гэта немагчыма пакуль зрабіць праз «чорныя спісы».

«Хацелася б выступіць раней, а не праз 10 гадоў на чарговым юбілеі. Гэта ганьба, калі беларускія артысты, якія зрабілі значныя ўнёскі для ўсёй беларускай культуры, незалежнай, а часам і афіцыйнай, не могуць выступаць у сваёй краіне», – падкрэсліў музыка.

Лявон Вольскі зазначыў, што памежжа, пра якое распавядае «Народны альбом», – гэта ўся Беларусь.

«Культура памежжа – гэта, на жаль, культура вайны і прыходу тых ці іншых, і звязаная з гэтым памяркоўнасць мясцовых жыхароў. Некаторыя памежжы зрабілі з гэтага нейкі культ. Мы пакуль не здолелі, але я думаю, у нас гэта ўрэшце атрымаецца, бо цяперашняе памежжа выгаднае – спрыяе гандлю і турызму».

Лявон Вольскі падкрэсліў, што вельмі хацеў бы, каб наступны спектакль паводле «Народнага альбому» адбыўся ў Ракаве.

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва, былы палітвязень Уладзімір Някляеў заўважыў, што ўзрушаны пасля спектаклю. «Сёння на так званай беларускай эстрадзе, дзе не зразумееш хто якімі галасамі спявае, пануе папса, прычым зусім не нашая, расейская, гасцявая брація тыпу Алы Пугачовай ці Філіпа Кіркорава. Музыкі з «Народнага альбому» – прыгожыя, таленавітыя. Яны павінны на сённяшні дзень вызначаць беларускую масавую культуру, яны павінны быць тварамі нашай краіны, а зусім не тыя людзі, якіх прызначаюць улады».

Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы распавяла, што прэмʼера «Народнага альбома. 20 год» была вялікай праверкай для незалежнага тэлеканалу.

«Польская міністарка, якая была на спектаклі, запыталася: якая тэатральная трупа ўдзельнічала ў імпрэзе? Я адказала, што мы самі сфармавалі калектыў, прычым мусілі гэта зрабіць цягам 2 месяцаў. Міністарка толькі шырока адкрыла вочы. Але гэта варта было зрабіць. Я бачу пазітыўны водгук ад людзей і гэта вельмі добрая ўзнагарода», – сказала Рамашэўская.

Паводле меркавання дырэктара «Белсату», на музычны спектакль паводле «Народнага альбому» ў беларускай сталіцы прыйшло б блізу 10 тыс. чалавек. «Я думаю, што трэба спрабаваць паставіць спектакль у Менску. А чаму не? Ці тут ёсць нешта палітычнае?» – адзначыла спадарыня Рамашэўская-Гузы.

На яе думку, нельга адрываць праект ад гледачоў, дзеля якіх быў створаны. «Народны альбом» паўстаў перадусім для беларусаў і мае для іх асаблівае значэнне, перакананая дырэктар незалежнага тэлеканалу.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі і экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч адзначыў:

«Народны альбом» – цудоўны спектакль, гэта творчасць вольных і таленавітых людзей, якія любяць Беларусь. Гэты спектакль прывівае любоў да Беларусі. Я яго наведаў і зноў пераканаўся, што Беларусь жыве. А ў нашай дзяржаве можна ставіць пакуль тое, што адпавядае прынцыпу: жыве нашае падданства Расеі. Мне вельмі падабаецца, што музыкі з «Народнага альбому» захапляюць моладзь. Дзякуй ім за гэта».

Галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, якая таксама была на канцэрце, заявіла, што спектакль «Народны альбом» павінен быць прэзентаваны не толькі ў Беластоку, але і ў Варшаве, Вільні і іншых гарадах Еўропы.

«Канцэрт надзвычайны, дзякуй музыкам, якія стварылі непаўторную атмасферу, перадалі увесь каларыт беларускага жыцця, прымусілі нас учора і плакаць, і смяяцца. Гэты канцэрт павінны ўбачыць як мага больш людзей - і саміх беларусаў, і еўрапейцаў. Ён можа вельмі моцна змяніць уяўленне пра Беларусь, яе месцы ў еўрапейскай гісторыі і палітыцы. А нам, беларусам, «Народны альбом» даў надзею і сілы працягваць змагацца за свабоду», - сказала Наталля Радзіна.

Паводле экс-кандыдата на прэзідэнцтва, былога палітвязня Мікалая Статкевіча, стваральнікі «Народнага альбому» – сапраўдныя героі, якія дбалі пра захаванне беларускай культуры ва ўмовах ганенняў.

«Народны альбом» – шыкоўны праект, які робіць гонар любой краіне. Мой нізкі паклон гэтым людзям і вялікая ўдзячнасць «Белсату» за гэты цудоўны падарунак, адпачынак для сэрца», – сказаў Статкевіч.

Адна з ягоных улюбёных песень – «Край, ты мой край», дзе ёсць словы: «Мы ў шэрых мундурах, пад шэрым крывіцкім небам, перад навалай з Усходу – станем мурам каменным…»

«Я думаю, гэтая песня магла б быць гімнам тых, хто змагаецца за нашую краіну. Гэтыя словы цяпер робяцца зноў актуальнымі. Пуцін вядзе палітыку нібы з першай паловы мінулага стагоддзя. Для нас, магчыма, рыхтуецца сцэнар 1940-га года для краінаў Балтыі: спачатку ізалююць, потым бяруць за горла і прапануюць базы, а потым, абапіраючыся на базы, датэрміновыя выбары або рэферэндум. Гэта ўсё ўжо праходзілі, яны цяпер спрабуюць гэта паўтарыць. Цяпер сапраўды для Беларусі існуе вялікая пагроза з Усходу. А творчасць, песні натхняюць, ствараюць эмоцыі, жаданне змагацца. Гэтым яны неацэнныя», – мяркуе былы палітвязень.

Дэпутат Сейму Польшчы Робэрт Тышкевіч, які прысутнічаў на спектаклі, падкрэсліў: «Народны альбом» распавядае пра палякаў і беларусаў, якія жывуць разам. Гэта аповед пра спадчыну даўняй Рэчы Паспалітай, якой ужо няма. Падляшша – мініяцюра Рэчы Паспалітай абодвух народаў, многіх культур, канфесіяў, моваў. Гэты праект тут асабліва добра гучыць і знаходзіць тут, на маю думку, натуральны клімат і натуральную сцэнаграфію».

Дэпутат выказаў надзею, што «Народны альбом» не апошні раз быў паказаны ў Беластоку.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках