25 красавiка 2024, Чацвер, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На мяжы з Расей сфармавалі роту тэрытарыяльнай абароны

9
На мяжы з Расей сфармавалі роту тэрытарыяльнай абароны
ФОТА: БЕЛАПАН

Размясцілі роту ў спартыўнай зале педагагічнага каледжа, месца дысклакацыі абгарадзілі парканам і калючым дротам.

На ўсходзе Магілёўскай вобласці ў пасёлку Леніна 9 верасня прыняла прысягу асобная стралковая рота тэрытарыяльных войскаў Горацкага раёна. У строй з аўтаматамі сталі жыхары раёна рознага ўзросту. Да 22 верасня іх будуць вучыць ўзаемадзеянню з памежнымі войскамі. Да мяжы з Расеяй ад пасёлка Леніна ўсяго паўтара дзясятка кіламетраў, піша naviny.by.

«Людзі, якія сталі ў строй, больш за дзесяць гадоў не трымалі ў руках зброю, але за два-тры заняткі ў складзе штатных падраздзяленняў навыкі да iх вяртаюцца», - кажа пра баяздольнасць падраздзялення вайсковы камісар Магілёўскай вобласці Аляксандр Гарошкін.

«Гэта падраздзяленне не такое, як ва ўзброеных сілах - гэта адмысловая стралковая рота тэрытарыяльных войскаў, і задача ў яе спецыфічная. Яна будзе абараняць свой дом, сваіх родных і блізкіх, свае прадпрыемствы. І гэтую задачу яны выканаюць, - упэўнены Гарошкін. - Для мяне самае важнае, што ў людзей, якія сталі ў строй, ёсць разуменне, што ніхто, акрамя нас, не будзе абараняць нашу радзіму».

Са слоў вайсковага камісара, на зборы выкліканыя рабочыя, службоўцы і прадпрымальнікі. Размясцілі роту ў спартыўнай зале педагагічнага каледжа. Месца дысклакацыі абгароджанае парканам і калючым дротам.

Прысягалі навабранцы недалёка ад сваёй часовай казармы на плошчы ля помніка жаўнерам, якія загінулі ў гады Вялікай айчыннай вайны.

«Учора ездзілі на стрэльбішчы. Там стралялі. Успомніць маладосць, вядома ж, цікава», - распавёў адзін з выкліканых на збор.

«Прайшло трыццаць гадоў, як я служыў у Савецкай арміі. Адчуваю сябе нармальна, можна паслужыць. Усё будзе добра. Абаронім радзіму, але нас і так ніхто не кране», - адзначыў суразмоўца.

Большасць прызыўнікоў прысягалі на расейскай мове, але былі і тыя, хто абраў беларускамоўны тэкст прысягі.

«Наша дактрына - усенародна абараняць краіну", - кажа яшчэ адзін навабранец. На ягоную думку, сфармаваная рота – выдатны калектыў і цяжкасці вайсковай службы не адчуваюцца.

Жыхары паселішча Леніна на вайскоўцаў не скардзяцца. Кажуць, што з імі жыццё ў вёсцы пайшло весялей. Некаторыя пыталіся ў журналіста, чым выкліканы гэтыя зборы. «Можа таму, што мяжа з Расеяй недалёка?» - выказаў здагадку адзін з мясцовых. Яго зямляк па сакрэце распавёў, што на мяжы з РФ стаіць пост і правяраюць дакументы.

Яшчэ ў пачатку гэтага года Лукашэнка даручыў правесці праверку гатоўнасці войскаў тэрытарыяльнай абароны. Мясцовыя ўлады павінны быць гатовыя дзейнічаць у ваенных умовах, каб у выпадку пагрозы сітуацыя ў раёнах была пад кантролем, казаў тады правадыр дзяржавы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках