Невядомы ў касцюме Санта Клаўса напаў на начны клуб у Стамбуле
8- 1.01.2017, 11:00
- 15,383
Некаторыя наведвальнікі клуба ў паніцы скакалі ў Басфор, спрабуючы выратавацца.
Як мінімум 39 чалавек загінулі і блізу 40 атрымалі раненні ў выніку нападу на начны клуб Reina у Стамбуле, паведаміў міністр унутраных спраў Турцыі Сулейман Сойлу, паведамляе расейская служба ВВС.
З ягоных слоў, сярод загінулых - 16 замежнікаў. Цяпер паліцыя вядзе пошукі нападніка.
Раней губернатар Стамбула Васіп Шахін паведамляў, што адзін з загінулых быў паліцыянтам. Ён таксама назваў напад тэрарыстычнай атакай.
Шахін дадаў, што напад учыніў адзін узброены чалавек у касцюме Санта-Клаўса. Раней СМІ паведамлялі, што нападнікаў было двое.
Клуб Reina, на які быў учынены напад, знаходзіцца ў раёне Артакей. Паведамляецца, што ў момант нападу там знаходзіліся некалькі сотняў чалавек.
Турэцкі тэлеканал NTV паведамляе, што некаторыя наведвальнікі клуба ў паніцы скакалі ў Басфор, спрабуючы выратавацца.
Клуб быў папулярны не толькі сярод мясцовых жыхароў, але і сярод замежнікаў.
Спачуванні ў сувязі з нападам ужо выказалі прэзідэнт ЗША Барак Абама, кіраўніца дыпламатыі Еўразвязу Федэрыка Магерыні і генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.
У Навагоднюю ноч у Стамбуле ахоўваць парадак на вуліцах выйшлі блізу 17 тысяч паліцыянтаў. Узмоцненыя меры бяспекі былі ўведзеныя па ўсёй Турцыі пасля серыі нападаў.
11 снежня ў Стамбуле ля хатняга стадыёна футбольнай каманды «Бешыкташ» адбыліся два выбухі, у выніку якіх загінулі 44 чалавекі, больш за 150 атрымалі раненні.
Адказнасць за выбухі ўзяла на сябе радыкальная вайсковая групоўка «Ястрабы свабоды Курдыстана».
19 снежня на адкрыцці расейскай фотавыставы ў Анкары быў забіты амбасадар Расеі ў Турцыі Андрэй Карлаў. У яго некалькі разоў стрэліў з пісталета 22-гадовы афіцэр паліцэйскага спецназа Меўлют Мерт Алтынташ, якога спачатку прынялі за супрацоўніка службы бяспекі.