19 красавiка 2024, Пятніца, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нуль без нафты

90
Нуль без нафты

Скарачэнне паставак расейскай нафты – вельмі сур'ёзны ўдар па рэжыму Лукашэнкі.

За першы квартал 2017 года расейцы плануюць паставіць у Беларусь толькі 4 млн. тон нафты. Калі так пойдзе далей, у гэтым годзе на беларускія НПЗ прыйдзе толькі 16 млн. тон «чорнага золата». Гэта мала нават у параўнанні з 18 млн. тон нафты, якія мы набылі ў Расеі ў 2016 годзе. І гэта пры тым, што Беларусь разлічвала на 24 млн. тон нафты, а сёлета да моманту падпісання новай дамовы дзейнічае леташняе пагадненне.

Дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык у інтэрв'ю «Еўрарадыё» ўспамінае, як у 2010 годзе, калі перад беларускімі прэзідэнцкімі «выбарамі» стасункі з Расеяй абвастрыліся, Расея дазволіла Беларусі набыць толькі 14 млн. тон нафты. «Калі ў нас [з Расеяй] напружаныя стасункі, нафта ― гэта як рычаг з расейскага боку», ― сцвярджае экспэрт.

Колькі каштуе нафта і чаму Расеі яе шкада?

Беларускія НПЗ закупляюць расейскую нафту за даляры. Кошт тоны нафты вылічаецца па формуле, якая не публікуецца. У 2016 годзе яна складала блізу $180. Між іншым, у лютым «Белнафтахім» сцвярджаў, што расейская нафта каштуе $182,63 за тону.

Расея прадае нафту ў Беларусь, не абкладаючы яе экспартнай мытай. Суму мыты штомесяц разлічвае расейскае Міністэрства фінансаў. З 1 студзеня 2017 года яна складае $79,1 за тону.

Расейскія чыноўнікі нярэдка кажуць, што бюджэт РФ нясе страты ад паставак нафты ў Беларусь. Маўляў, калі б пастаўкі адбываліся ў іншую краіну, у бюджэт былі б пералічаная мыты. Адпаведна, скарачэнне паставак нафты ў Беларусь выглядае ў Расеі як эканомія.

Колькі Беларусь страціць за «нафтавую вайну»?

Паводле падлікаў эканаміста Леаніда Заікі, кожны мільён тон нафты, недапастаўлены з Расеі, каштаваў Беларусі $400 млн.

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб ацэньвае страты беларускай эканомікі крыху больш сціпла:

«Я не гатовы сцвярджаць, што гаворка ідзе аб мільярдзе. Але што гэта сотні мільёнаў ― з такой ацэнкай я б пагадзіўся, ― на думку экспэрта, скарачэнне паставак ― гэта сур'ёзны ўдар па беларускай эканоміцы. ― Гэта балюча б'е па экспарту нашых прадуктаў нафтаперапрацоўкі, па паступленню падаткаў, па паступленні валютнага даходу ў краіну».

Што такое 16 млн. тон нафты для Беларусі і які мінімальны парог паставак?

У Беларусі два нафтаперапрацоўчыя заводы ― у Наваполацку і Мазыры. Для поўнай загрузкі ім трэба 30 млн. тон «чорнага золата». Чым больш нафты яны перапрацоўваюць, тым больш прыбытку атрымліваюць і тым больш плацяць падаткаў у бюджэт.

Для мінімальнай загрузкі беларускіх НПЗ трэба 7 млн тон нафты, сцвярджае Леанід Заіка. Такім чынам, пакуль што мы далёка ад парога, за якім пачынаюцца крытычныя праблемы. Праўда, эканаміст мяркуе, што праз зніжэнне аб'ёму расейскіх паставак нафты ўлады могуць ўнесці змены ў формулу цаны на бензін, каб кампенсаваць страты. «Калі нафты будзе менш, дырэктар «Нафтана» і шэсць чалавек вышэйшага кіраўніцтва не атрымаюць свае прэміі, ― што да бюджэту, то эканаміст заўважае, што заводы пераводзяць падаткі на спажыўцоў праз формулу цаны на бензін. ― У выніковай цане бензіну падаткі складаюць прыкладна 50%».

Аляксандр Чубрык звяртае ўвагу на тое, што скарачэнне паставак нафты б'е па беларускім экспарце: «16 млн. тон ― гэта, фактычна, наш гадавы аб'ём экспарту нафтапрадуктаў. У найлепшыя гады. Блізу 7 млн. тон мы спажываем, і блізу 16 млн. тон прадаем на экспарт. Гэта калі мы атрымаем ад Расеі 23 млн тон. А калі атрымаем 16 млн. тон, Беларусь сутыкнецца з глыбокім падзеннем ВУП».

Што будзе, калі Расея працягне скарачаць пастаўкі нафты?

«Нафтапрадукты давалі Беларусі да 40% валютнага даходу, ― дадае Леанід Заіка. ― Нафтавы рынак ― гэта беларускі праклён, бо Беларусь перастала працаваць: рабіць добрыя машыны і выдатныя трактары... Я хацеў бы, каб пастаўкі нафты ў Беларусь былі зніжаны да 10 млн. тон. Нам хопіць 7 млн. тон. А астатняе трэба зарабляць мазгамі. Дарэчы, 2017 год ― год навукі».

Напісаць каментар 90

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках