20 красавiка 2024, Субота, 4:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат бундэстага: Нямеччына гатовая да хакерскіх нападаў

Дэпутат бундэстага: Нямеччына гатовая да хакерскіх нападаў

У спецслужбаў Расеі не атрымаецца дыскрэдытаваць Ангелу Мэркель на выбарах.

У гэтым годзе ў Нямеччыне будуць праходзіць выбары ў бундэстаг. На фоне скандалу, звязанага з дзеяннямі хакераў падчас леташняй прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША, тэма кібербяспекі актуальная, як ніколі. "У мінулым ужо былі ўчыненыя кібератакі на бундэстаг і федэральны ўрад Нямеччыны, таму нельга выключаць такія дзеянні зноў. Але мы да іх гатовыя", - заявіў лідар парламенцкай фракцыі ХДС/ХСС Фолькер Каўдэр (Volker Kauder) у інтэрв'ю DW. Пры гэтым Каўдэр абсалютна ўпэўнены ў тым, што хакерскія атакі, падобныя да тых, што былі ўчыненыя ў дачыненні да Гілары Клінтан, "на Ангелу Мэркель у Нямеччыне немагчымыя".

Да хакерскіх нападаў у Нямеччыне гатовыя

З дзеяннямі хакераў ФРГ сутыкалася ўжо неаднаразова. Так, у студзені 2015 года іх мэтай чарговым разам стаў бундэстаг. Прымаючы пад увагу гэты выпадак, Каўдэр мяркуе, што прадухіліць кібератакі немагчыма. Аднак, падкрэслівае ён, захады бяспекі былі ўзмоцненыя.

Прадухіліць хакерскія атакі немагчыма

"Перш за ўсё, мы павінны быць у стане неадкладна адрэагаваць у выпадку, калі стане вядома аб такіх нападах. Мы павінны ўзмацніць нашую прысутнасць у Сеціве", - адзначыў кіраўнік парламенцкай фракцыі ХДС/ХСС. Такая патрэба становіцца відавочнай на фоне будучых у Нямеччыне парламенцкіх выбараў. Нельга выключаць таго, што хакеры распачнуць спробы паўплываць на іх ход, як гэта, як многія мяркуюць, было ў ЗША.

Амерыканскія спецслужбы зыходзяць з таго, што за хакерскімі нападамі стаіць Расея. Масква адхіляе ўсе абвінавачванні на свой адрас. Фолькер Каўдэр асцярожна каментуе гэтую сітуацыю, паказваючы на тое, што меў месца выцек інфармацыі.

"Зноў і зноў гучаць сцвярджэнні, што Расея паўплывала на прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Асабіста я не магу праверыць гэта. Але тое, што пэўная інфармацыя ў пэўны момант часу сапраўды была адданая галоснасці, гэта факт", - канстатаваў Каўдэр у інтэрв'ю DW. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу і на іншы факт: "Wikileaks ніколі нічога не паведамляе аб Расеі, як быццам там наогул нічога не адбываецца"

Як абараніцца ад дэзінфармацыі?

Зусім іншай тактыкі, са слоў Каўдэра, ягоныя аднапартыйцы маюць намер пільнавацца падчас сваёй выбарчай кампаніі, выносячы на абмеркаванне ў СМІ вострыя пытанні і існыя супярэчнасці. "Такім чынам мы можам абараніць сябе ад распаўсюджвання хлуслівай інфармацыі, - патлумачыў ён. - Але, вядома, гэта спрэчнае пытанне, калі казаць аб новай якасці палітычных дэбатаў".

На думку палітыка, менавіта адкрытыя дыскусіі могуць быць эфектыўным сродкам абароны ад хлуслівай інфармацыі і спроб маніпулявання грамадскім меркаваннем. "Ёсць магчымасць абмяркоўваць факты дэзінфармацыі на грамадска-прававых тэлеканалах, пісаць пра іх у газетах і такім чынам рабіць іх аб'ектам палітычнай дыскусіі. З гэтага пункту гледжання, мы не такія ўжо і бездапаможныя, як некаторыя думаюць. Акрамя таго, мы будзем вельмі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Сеціве. Таму я ні ў якім выпадку не напалоханы і не песімістычны", - запэўніў Каўдэр.

"Немцы вераць, што Мэркель справіцца"

Зрэшты, не толькі на дзеянні хакераў, якія могуць паўплываць на вынікі выбараў у ФРГ. Міграцыйная палітыка канцлеркі Мэркель палярызавала нямецкае грамадства. І многія мяркуюць, што гэта можа згуляць на руку правапапулісцкай партыі "Альтэрнатыва для Нямеччыны" (АдГ) падчас будучых выбараў. На думку кіраўніка парламенцкай фракцыі ХДС/ХСС, каб атрымаць перамогу на выбарах, хрысціянскім дэмакратам неабходна казаць пра тое, якіх поспехаў яны дасягнулі ва ўрэгуляванні міграцыйнага крызісу.

"Нашымі мэтамі было паменшыць колькасць уцекачоў, скараціць, перш за ўсё, плынь нелегальных мігрантаў. У гэтым мы дасягнулі вялізных поспехаў. Важна тое, што мы гаворым пра поспехі нашай палітыкі, і найперш аб партыях, якія думаюць у нацыянальным маштабе", - указаў Каўдэр.

І падкрэсліў, што ўрад Мэркель павінен і далей працаваць над тым, каб цалкам абмежаваць нелегальную міграцыю ў Нямеччыну. А для гэтага патрэбныя дамоўленасці з многімі іншымі дзяржавамі, з арабскімі краінамі, краінамі Паўночнай Афрыкі і з Турцыяй. Палітык упэўнены, што Brexit, абранне Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША і наступствы міграцыйнага крызісу ў Еўропе не падарвалі даверу насельніцтва да канцлеркі Мэркель.

"Я думаю, што ў гэтыя складаныя часы ў Ангелы Меркель ёсць компас, яна ведае, як развязваць праблемы. Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што людзі давяраюць Мэркель, мяркуючы, што яна можа справіцца з гэтым складаным выпрабаваннем. Я наогул не бачу ніякай значнай канкурэнцыі", - падрахаваў у інтэрв'ю DW кіраўнік парламенцкай фракцыі ХДС/ХСС.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках