24 красавiка 2024, Серада, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскія лідары - Трампу: «Калі мы разам, нас не адолець расейскай клептакратыі»

11
Еўрапейскія лідары - Трампу: «Калі мы разам, нас не адолець расейскай клептакратыі»

Еўрапейскія лідары апублікавалі зварот да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, у якім засцерагаюць яго ад угоды з Расеяй.

Аўтары ліста папярэджваюць, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін - не хаўруснік Амерыкі і не надзейны міжнародны партнёр. Адпаведна з іх ацэнкай, угоды Амерыкі з Пуціным не прынясе міру. Наадварот, гэта зробіць вайну больш імавернай, бо Пуцін успрыме саступкі, як праяву слабасці, - адзначаюць аўтары ліста.

Прыводзім поўны тэкст звароту, які апублікавала газета «Вашынгтон пост» (пераклад - charter97.org):

Ліст абранаму прэзідэнту Дональду Трампу ад хаўруснікаў Амерыкі

Паважаны абраны прэзідэнт Трамп,

Мы, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы з усёй Еўропы, вітаем ваша абранне на пасаду 45-га прэзідэнта Амерыкі. Мы гатовыя працаваць з вашай адміністрацыяй для падтрымання нашага магутнага трансатлантычнага альянсу, супольна абараняючы наш лад жыцця перад навіслай пагрозай.

Прадаўжаюцца спробы Расеі дэстабілізаваць Украіну. Незаконная анэксія Крыму ставіць пад пагрозу свет, прадказальнасць і бяспеку, якія амерыканцы і еўрапейцы супольна стварылі, перамогшы ў халоднай вайне. Мы занепакоеныя тым, што перспектыва новай вялікай угоды з Расеяй паставіць пад пагрозу гэта гістарычнае дасягненне.

Было б сур'ёзнай памылкай скасаваць існыя санкцыі ў дачыненні да Расеі або пагадзіцца з падзелам і прыгнятаннем Украіны. Гэта магло дэмаралізаваць тых, хто бароніць еўраатлантычны курс гэтай краіны. Гэта таксама спрыяла б дэстабілізацыі эканамічнага становішча нашых усходніх суседзяў і падтрымала б там экстрэмісцкія, алігархічныя і антызаходнія элементы.

Шырокамаштабная шкода была б пагрозлівай. Наступствы такой угоды пахіснулі б давер да Амерыкі ў хаўруснікаў у Еўропе і ў іншых рэгіёнах. Заснаваны на правілах міжнародны парадак, ад якога дзесяцігоддзямі залежала заходняя бяспека, быў бы аслаблены. Хаўрусы, якія з'яўляюцца сапраўднай крыніцай амерыканскай велічы, былі б разладжаныя: краіны, якія пралівалі кроў, выдаткоўвалі сродкі і палітычны капітал у падтрымку трансатлантычнай бяспекі, будуць задавацца пытаннем, ці з'яўляецца Амерыка іх надзейным сябрам.

Не сумнявайцеся: Уладзімір Пуцін не хаўруснік Амерыкі. І не яе надзейны міжнародны партнёр. Абодва прэзідэнты, якія папярэднічалі вам, спрабавалі сваімі спосабамі ўзаемадзейнічаць з кіраўніцтвам Расеі ў духу даверу і сяброўства. Вялікая памылка: Пуцін выкарыстаў іх добрыя намеры ў сваіх мэтах.

Пры Пуціне мілітарызм Расеі, яе войны, пагрозы, парушаныя дамовы і ілжывыя абяцанні зрабілі Еўропу вельмі небяспечным месцам. Пуціну не патрэбная веліч Амерыкі. Гэта трэба нам, вашым хаўруснікам. Калі Амерыка мела патрэбу ў нас, мы былі побач. Мы былі з вамі ў Іраку. Мы былі з вамі ў Афганістане. Мы разам рызыкавалі; прыносілі ў ахвяру сыноў і дачок. Мы абараняем нашу агульную трансатлантычную бяспеку як адзіны фронт. Вось што робіць наш альянс магутным. Чым мацнейшая пазіцыя Злучаных Штатаў, тым мы ўсе мацнейшыя – разам.

Угода з Пуціным не прынясе міру. Наадварот, яна зробіць вайну больш імавернай. Пуцін разглядае саступкі, як прыкмета слабасці. Ён будзе спрабаваць выпрабаваць на трываласць давер да Амерыкі ў найбліжэйшых хаўруснікаў у НАТА, такіх як Эстонія, Латвія, Літва і Польшча. Ён можа выкарыстоўваць не толькі ваеннае запалохванне, але і кібератакі, энэргетычны і эканамічны ціск, шпіянаж, псіхалагічную вайну, дэзінфармацыю і мэтавае выкарыстанне хабарніцтва. Будучы суседзямі Расеі, мы знаёмыя з гэтымі метадамі. Процідзеянне ім патрабуе вялікай сілы, салідарнасці і рашучасці з боку Захаду, а не кампрамісу.

Як вашыя хаўруснікі, звязаныя міждзяржаўнымі дамовамі, мы заклікаем амерыканцаў у новай адміністрацыі ЗША і Кангрэсе цвёрда стаяць на абароне нашых агульных мэтаў і інтарэсаў: міру, атлантычнай сілы і волі. Разам мы не па зубах слабай расейскай клептакратыі.

Разрозненыя, як мы ўжо бачылі занадта зразумела ў апошнія гады, мы ўсе ў небяспецы. Цягам дзесяцігоддзяў наш адзіны альянс быў апорай еўрапейскай бяспекі. Мы звяртаемся да нашых амерыканскіх сябраў, каб умацаваць, а не аслабіць нашы трансатлантычныя сувязі. Украіна мае патрэбу ў падтрымцы; дзяржавам на пярэднім краі Альянсу патрэбныя вашыя сталасць і рашучасць. І галоўнае, Расея павінна бачыць, што, калі на нас нападаюць, мы становімся мацнейшымі, а не слабейшымі.

З павагай,

экс-прэзідэнт Румыніі Траян Бэсэску

былы прэм'ер і кіраўнік МЗС Швэцыі Карл Більт

былы прэм'ер-міністр Славаччыны Мікулаш Дзурында

вугорскі палітык, лідар ліберальнай групы ў ПАРЕ Мацьяш Эршы

экс-дарадца ў нацыянальнай бяспецы прэзідэнта Румыніі Юльян Фота

прэзідэнт Вугорскага міжнароднага цэнтра дэмакратычных рэформаў, былы міністр абароны Іштван Дз'ярмаці

былы прэзідэнт Эстоніі Таомас Хендрык Ільвес

былы міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне

экс-амбасадар Латвіі ў ЗША Ояр Эрык Калніньш

былы віцэ-міністр замежных спраў Польшчы і экс-дэпутат Еўрапарламента Павел Коваль

віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента ў 2004-2006 гадах, экс-міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч

прэзідэнт Балгарыі Расэн Плеўнеліеў

старшыня камітэта замежных спраў ніжняй палаты парламента Чэхіі, экс-міністр замежных спраў Карэл Шварцэнберг

былы міністр замежных спраў і маршалак Сэйма Польшчы Радаслаў Сікорскі

экс-міністр замежных спраў Літвы Пятрас Вайтэкунас

былы прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга

намеснік прэм'ер-міністра Чэхіі ў еўрапейскіх пытаннях, экс-міністр абароны і ўдзельнік «Хартыі-77» Аляксандр Вондра.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках