17 студзеня 2017, aўторак, 16:00

Тылерсан: Расея павінна несці адказнасць за свае дзеянні

Будучы дзяржсакратар ЗША выступіў з заявай.

Расея нясе пагрозу, яна незаконна анэксавала Крым і падтрымала сірыйскі рэжым, заявіў Рэкс Тылерсан, прапанаваны абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на пасаду дзяржаўнага сакратара падчас слуханняў у Сэнаце наконт ягонай кандыдатуры, перадае «Радыё Свабода».

Са слоў Тылерсана, Расея «шукае новае месца на сусветнай арэне і апошнім часам зрабіла дзеянні, якія супярэчаць амерыканскім інтарэсам». Ён заклікаў да дыялогу з Масквой, у тым ліку ў барацьбе з тэрарызмам. Пры гэтым, як адзначыў Тылерсан, Расея павінна ведаць, што за свае дзеянні трэба адказваць.

Тылерсан, акрамя іншага, падтрымаў так званы «закон Магніцкага» і выказаўся ў падтрымку выдачы Украіне ўзбраення. Ён адзначыў ролю санкцый у ціску на Маскву і раскрытыкаваў папярэднюю адміністрацыю прэзідэнта ЗША за тое, што яна, з ягоных словах, адмовілася ад «амерыканскага лідарства» ў свеце.

13 снежня былы кіраўнік Exxon Mobil Рэкс Тылерсан быў высунуты Трампам на пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША. Ягоную кандыдатуру павінен зацвердзіць Сэнат. Да ўвядзення санкцый Exxon Mobil мела шэраг супольных праектаў з расейскай кампаніяй «Раснафта», абмежавальныя захады прынеслі ёй вялікія страты.