17 студзеня 2017, aўторак, 16:00

«Белтэлекам» адмовіцца ад інтэрнэту dial-up

7

З 1 лютага эра камутаванага доступу ў інтэрнэт (dial-up) скончыцца.

«Белтэлекам» паведаміў, што з 1 лютага закончыцца выкананне гэтай паслугі, піша sb.by.

Сыдуць у мінулае паслугі «Камутаваны беспарольны доступ у сетку Інтэрнэт» і «Камутаваны доступ у сетку Інтэрнэт з выкарыстаннем папярэдне аплачаных інтэрнэт-карт». Спажыўцам прапанавалі скарыстацца іншымі спосабамі падлучэння, з больш высокай хуткасцю доступу».

Камутаваны доступ (dial-up) – гэта спосаб падлучэння да інтэрнэту, які выкарыстоўвае тэлефонную лінію. Такі спосаб уважаецца за просты і танны, аднак не можа забяспечыць высокую хуткасць доступу – яна абмежаваная 50 Кбіт/с. Прычым кошт паслугі не залежыць ад колькасці запампаваных звестак і тарыфікуецца паводле часу.

Такі спосаб доступу выкарыстоўвалі тыя, хто заходзіў у сетку рэдка і ненадоўга. Камутаваны доступ быў першай тэхналогіяй падключэння да Інтэрнэту, якая стала даступная ў Беларусі.