26 красавiка 2024, Пятніца, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да чаго прывядзе нафтавы выспятак для Лукашэнкі

29
Да чаго прывядзе нафтавы выспятак для Лукашэнкі

Рэжым нічога не ўмее, акрамя як сядзець на нафтавай ігле.

Расея можа паменшыць на 12% экспарт нафты ў Беларусь у першым квартале 2017 года. Чым можа абярнуцца гэта зніжэнне для беларускай эканомікі – «Заўтра тваёй краіны» запытала меркаванне экспэртаў-эканамістаў.

Злотнікаў: Праблема не вырашыцца за кошт таго, што нафты дадуць на палову ці нават на два мільёны больш

— Калі раней ад продажу нафтапрадуктаў нашы заробкі на адной тоне расейскай нафты складалі 500-600 даляраў, то цяпер, калі цана нафты ўпала, гэтая маржа складае 115 даляраў. За вылікам кошту перапрацоўкі і іншых выдаткаў мы ў выніку летась зарабілі прыкладна 80-100 даляраў на кожнай тоне, — прыводзіць разлікі эканаміст Леанід Злотнікаў.

Нават калі колькасць нафты, якая пастаўляецца ў нашу краіну з Расеі знізіцца на паўмільёна тон — тыя самыя 12%, — гэта мала адаб'ецца на беларускай эканоміцы і даходах грамадзян. Нават калі такое зніжэнне будзе не адзін квартал, а цэлы год.

– Гэта значыць, для эканомікі гэта істотнай ролі не згуляе, – упэўнены Леанід Злотнікаў. — Вельмі рэзка і моцна нашы даходы скараціліся, калі знізіліся цэны нафты. Цяпер гэта будуць ужо зусім не тыя страты. Значнасць нафты як інструмента, на якім мы зарабляем шмат грошай, моцна паменшылася.

Са слоў экспэрта, мы і так занадта доўга сядзелі на «нафтавай ігле» і цяпер вымушаныя вучыцца жыць па-іншаму.

— Не вырашыш цяпер праблемы за кошт таго, што нафты дадуць на паўмільёна ці нават на два мільёны больш. Вярнуцца да старога ўжо не атрымаецца, — падкрэслівае Леанід Злотнікаў.

Эканаміст лічыць, што праблемы трэба вырашаць за кошт павышэння прадукцыйнасці, удасканалення тэхналогій вытворчасці, прыцягнення замежных інвестыцый.

— Упор трэба рабіць на новыя тэхналогіі, на эканоміку ведаў. Па ўсім свеце зарабляюць на гэтым. Таму такі велізарны разрыў паміж даходамі эканомік, якія працуюць на традыцыйных тэхналогіях і на новых тэхналогіях, — перакананы экспэрт.

А між тым даўно пара вырашаць гэтыя праблемы па-іншаму. Вось толькі ці ёсць такое жаданне ў цяперашніх уладаў?

— Жаданне было б, калі б было разуменне. Калі б улада ўсведамляла, што эканоміка не можа працаваць паводле тых старых лякалаў. Але хіба можна штосьці давесці людзям, якія будуюць эканоміку, прытрымліваючыся прынцыпаў сацыялізму, таму што іншых ідэалаў не ведаюць і па-іншаму не ўмеюць, —лічыць экспэрт. — Але цяперашняя сітуацыя ўсё роўна падштурхне, і яна ўжо магутна падштурхоўвае.

Балточка: Мы не знізілі залежнасць эканомікі ад Расеі, а нават павялічылі

Між тым экспэрт Ліберальнага клуба Антон Балточка лічыць, што ў сітуацыі расце запазычанасці, любыя страты ад недапаставак нафты будуць адчувальныя.

— На сённяшні дзень нават мінімальныя сумы, якія губляе Беларусь, з'яўляюцца значнымі на фоне высокай замежнай запазычанасці. Нам патрэбныя любыя грашовыя сродкі, якія дазволяць мінімізаваць рызыкі недахопу грошай для забеспячэння выплат замежным крэдыторам. Нават калі гэта будуць 100-150 мільёнаў даляраў недаатрыманых у квартал, у год — гэта ўжо блізу паўмільярда даляраў, — падлічвае эканаміст.

На думку экспэрта, памяншаць залежнасць Беларусі ад Расеі трэба не за кошт такога роду шокаў і канфліктаў паміж двума краінамі, а за кошт выразна распрацаванай стратэгіі па дыверсіфікацыі эканомікі.

— Аднак за апошнія некалькі гадоў, нягледзячы на мэтавы арыенцір па дыверсіфікацыі эканомікі, рэальных крокаў па зніжэнні залежнасці ад аднаго адзінага партнёра практычна не адбылося. Нават дзесьці мы гэтую канцэнтрацыю павялічылі, — адзначае Антон Балточка.

Ці можна неяк мінімізаваць рызыкі страт ад паставак энэргарэсурсаў?

Экспэрт упэўнены, што такім крокам можа стаць, напрыклад, развіццё праектаў альтэрнатыўных крыніц атрымання электраэнэргіі. Прычым досвед некаторых еўрапейскіх краін паказвае, што за кошт альтэрнатыўных крыніц ужо можна, каб цалкам пакрываць усю патрэбнасць у электраэнэргіі.

— Плюс да гэтага неабходна зніжаць выдаткі па энэргаспажыванню на нашых заводах, - дадае эканаміст. — Калі мы пералічым, колькі кіладжоўляў сыходзіць на адзін даляр вырабленай прадукцыі, то акажамся ў лідарах энэргазатрат. Гэта значыць, энэргаэфектыўныя тэхналогіі ў нас прымяняюцца вельмі дрэнна.

Развязаць гэтую праблему можна толькі з дапамогай стварэння вытворчасцей, якія будуць канкурэнтнымі.

— Але наўрад ці дзяржаўныя прадпрыемствы здольныя з гэтым справіцца. Хоць бы таму, што сродкаў для іх мадэрнізацыі няма, — адзначае эканаміст. — Каб сысці ад гэтай залежнасці, неабходная распрацаваная і прадуманая стратэгія.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках