27 красавiка 2024, Субота, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці сямікласніцы з Любані абвінаваціла школу ў падробцы свайго подпісу

12
Маці сямікласніцы з Любані абвінаваціла школу ў падробцы свайго подпісу
АНДРЭЙ ПАВУК
ФОТА: SVABODA.ORG

Школа збірала подпісы супраць блогера, стваральніка «Рудабельскай паказухі» Андрэя Павука.

Жыхарка вёскі Любань Акцябрскага раёна Алена Новікава, чыё прозвішча стаіць пад лістом бацькоў у раённы аддзел адукацыі з патрабаваннем не браць у школу настаўнікам біялогіі і хіміі блогера і грамадскага актывіста Андрэя Павука, звярнулася з заявай у міліцыю, паведамляе «Радыё Свабода».

Яна піша, што аб калектыўным лісце бацькоў нічога не ведала і яго не падпісвала. Жанчына просіць начальніка раённай міліцыі Юрыя Высоцкага правесці праверку аб факце незаконнага выкарыстання яе прозвішча і падробкі подпісу.

«Мая дачка-сямікласніца сказала, што ў інтэрнэце ёсць ліст, пад якім стаіць нібыта мой подпіс. Гэта падробка. З Павуком я не знаёмая, ніякіх прэтэнзій да яго не маю. Няўжо ў Любані, у нашым Кастрычніцкім раёне апускаюцца да такога ўзроўню? Я абураная», - кажа жанчына.

Блогер і грамадскі актывіст Андрэй Павук на прапанову раённага аддзела адукацыі прыязджаў у Любанскую базавую школу, каб уладкавацца на часовую працу выкладчыкам біялогіі і хіміі замест настаўніцы, якая пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Аднак праз некалькі дзён пасля прыезду з Любані ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама паступіў ліст наступнага зместу:

«Улічваючы тое, што на працу накіроўваюць Павука Андрэя Уладзіміравіча, у якога няма досведу навучання дзяцей, і ў сувязі з тым, што мы чулі пра ягоную «дзейнасць», пераканаўча просім гэтага настаўніка да нас не накіроўваць».

Пад лістом - восем подпісаў бацькоў, у тым ліку і Алены Новікавай, якая нават не ведала, што такі ліст падрыхтаваны.

«Я не паленаваўся і з'ездзіў у Любань, - распавядае Андрэй Павук. - Заходзіў у тым ліку і да старшыні Любанскага сельскага савета Тамары Кароль, чый подпіс значыцца пад лістом. Яна мне раіла разысціся мірна і прыгожа. Казала, што бацькі, чые дзеці вучацца ў школе, збіраліся разам, а да Алены Новікавай не датэлефанаваліся. Хто паставіў за яе подпіс, Кароль не ведае. Сцвярджае, што сама яна замест Новікавай не распісвалася. А ў маіх здольнасцях, асабліва ў хіміі, мае сумнеў».

У сваю чаргу, Андрэй Павук не сумняваецца, што ліст у аддзел адукацыі быў напісаны на замову, бо ніякія іншыя прэтэнзіі, акрамя абвінавачвання ў «дзейнасці», у ім не згадваюцца.

«Горш, калі б казалі, што я «бяздзейны», ад крэсла не адрываюся», - мяркуе Андрэй.

Андрэй Павук - стваральнік і адміністратар суполкі «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». У групе больш за тысячу чалавек. На публікацыі і відэасюжэты ў «Рудабельскай паказусе» рэагавалі ўлады і кантрольныя органы, а мясцовыя чыноўнікі часцей за ўсё крыўдзіліся.

Тым часам выкладаць біялогію і хімію ў Любанскую школу замест дэкрэтніцы запрасілі настаўніцу-пенсіянерку.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках