20 красавiка 2024, Субота, 8:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі паведамляюць аб з'яўленні падазронага сэрвісу

16
Менчукі паведамляюць аб з'яўленні падазронага сэрвісу

Да настырных «акнавікоў» і «фільтравікоў», што шныпараць па пад'ездах менчукоў і навязліва прапануюць свае паслугі, дадаліся «вентыляцыйнікі».

Адразу некалькі менчукоў паведамілі onliner.by аб з'яўленні на дзвярах падазроных аб'яў, што паведамляюць жыхарам аб правядзенні калектыўнай прачысткі сістэмы агульнадамавой вентыляцыі. Аб'явы складзеныя ў катэгарычнай форме: ад уласнікаў кватэр патрабуюць абавязкова звяртацца на пазначаны тэлефон і ўзгадніць дату і час візіту спецыяліста. Мы надумалі высветліць, што гэта за «вентыляцыйнікі» і з якой нагоды жыхары абавязаны адкрываць ім дзверы.

Аб'явы, расклееныя на вуліцы Магілёўскай, складзеныя ад імя нейкай Камунальнай вентыляцыйнай службы Менска, аб існаванні якой Google нічога не ведае, што ўжо кажа пра многае. Тэлефануем на пазначаны тэлефон.

— Назавіце адрас, — адразу перайшоў да справы маладзён.

— Гэта тэлефануе журналіст onliner.by я хачу больш падрабязна даведацца аб вашым сэрвісе.

— Вас дрэнна чуваць, ператэлефануйце...

Цягам паўгадзіны датэлефанавацца было немагчыма — кароткія гудкі. Аднак неўзабаве прадстаўнік «вентыляцыйнай службы» сам звязаўся з рэдакцыяй, здзівіўшы нас даволі дзіўным тлумачэннем сітуацыі. Ён распавёў, што нібыта праводзіць сацыяльны эксперымент, правярае даверлівасць людзей, для чаго і расклеіў аб'явы ў раёне Інстытута культуры. Той, хто тэлефанаваў, паабяцаў распавесці аб выніках эксперыменту ў відэароліку, які пазней размесціць на YouTube, аднак назву свайго канала не паведаміў. Пазней маладзён адключыў свой тэлефон.

Адзін з чытачоў таксама правёў уласнае міні-расследаванне і выявіў, што дакладна на такія ж аб'явы восенню 2016 года скардзіліся жыхары расейскага Новасібірска. Звярніце ўвагу, тэкст супадае слова ў слова.

Праваахоўныя органы не стамляюцца нагадваць: пад выглядам прадстаўнікоў розных службаў у кватэры могуць пранікаць аферысты і злодзеі. Менчукам, у асаблівасці даверлівым пажылым людзям, варта быць пільнымі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках