25 красавiка 2024, Чацвер, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як пенсіянер 60 гадоў уладкаваўся працаваць у буцік і пачаў новае жыццё

19
Як пенсіянер 60 гадоў уладкаваўся працаваць у буцік і пачаў новае жыццё

Анатоль ездзіць на ровары і лепш за моладзь ведае, што такое «зіпер» і «світшот».

Анатоль — нетыповы ўзор беларускага пенсіянера. Напярэдадні 60-годдзя ён пачаў працаваць у краме моднай вопраткі. Ён дагэтуль дабіраецца да працы на ровары, карыстаецца «Інстаграмам», набірае ўпадабайкі ў «Фэйсбуку», падарожнічае, калекцыянуе вінілы і дакладна ведае, чым «худзі» адрозніваецца ад «світшота» або «зіпера» і можа параіць, куды напраўду трэба чапляць «шабету».

Анатоль — быццам адказ на няпростае пытанне «ці Ёсць у Беларусі жыццё пасля 55+?». Перадпенсійны або пенсійны ўзрост здаецца многім пунктам незвароту. Застаюцца паркавы аркестр «для тых, каму за...» і падпрацоўка вахцёрам ці прыбіральшчыцай. Здаецца, жыццё «55+» складаецца з чэргаў у паліклініку і электрычак на лецішча. Сустрэча з Анатолем у адным з гандлёвых цэнтраў дапамагае разбурыць гэты стэрэатып, піша nn.by

Пачатак працы

- Мы прывыклі бачыць у крамах моды высокіх дзяўчат або татуяваных барадатых юнакоў. Ці не ўважаеце вы, што ваш вобраз прадаўца нетыповы?

- Я не адчуваю сябе чалавекам вельмі сталым. Нават малодшы сын віншаваў мяне з апошнім юбілеем, адняўшы 10 гадоў. Да нядаўняга часу я быў як звычайны пенсіянер, які мае «вялікую» беларускую пенсію і якім усяго стае. Але вельмі хацелася стала быць у кантакце з людзьмі. Асабліва з моладдзю, бо гэта пакаленне маіх дзяцей. Таму я і прыняў пастанову зноў акунуцца ў свет моды. Мне падабаецца быць актыўным. Хай стала не хапала грошай на Фіджы, але я крыху падарожнічаў, вёў актыўны лад жыцця. Ровар і лыжы стала былі важным яго складнікам.

- Памятаеце першы працоўны дзень?

- Так. Гэта было нечакана. Як раз быў дзень перад Калядамі. 23 снежня. Не было каму працаваць, і цудам прапанавалі мне. Спыталі, ці ёсць жаданне, а я пагадзіўся і быў на сёмым небе ад шчасця. Трохі хваляваўся, бо не меў досведу. Але супакоіўся, бо меў 13-гадовы стаж экспэрта ў Гандлёва-прамысловай палаце. Рызыкнуў. 23 снежня быў такі наплыў кліентаў, проста галава кругам ішла, бо з кожным хацелася перакінуцца парай слоў. Быў вельмі напружаны дзень. У гэтай мітусні я зразумеў, што гэта — маё! З таго дня я ні разу не пашкадаваў аб сваёй пастанове.

- І няўжо вы не перажылі ніякага негатыву за два гады?

- Хіба што пару разоў прыходзілі «расейскія турысты» і пыталіся, што гэта вы тут на вашай «мове размаўляеце»?! А так усё вельмі пазітыўна.

- А як наконт спецыяльнай лексікі? Вашы аднагодкі наўрад ці так смела апранаюцца і мала хто з іх ведае назвы рэчаў, якія вы прадаяце?

- Асартымент у краме спецыфічны. Даводзіцца тлумачыць нават моладзі, што такое той «зіпер» або «шабета». Гэта запазычаныя словы. Футболка напрыклад, гэта ж ужо нашае новаўвядзенне, бо ў арыгінале гучыць T-Shirt. З шабетай выходзяць часта цікавыя выпадкі. Людзі прыходзяць і пытаюцца, ці ёсць у нас барсеткі. А я адказваю, што барсетка — гэта сумка для лохаў, такая невялікая, як дамская сумка, для дакументаў, грошай ці чагосьці там яшчэ. Перажытак бандыцкіх часоў. А шабета — зусім іншае. Сюды нават рафандылька можа ўлезці.

- А што такое «рафандылька»?

- Ну...Гэта такая невялікая бутэлечка.

Актыўнасць

- Кажуць, кліенты прыходзяць да вас не толькі абнавіць гардэроб, але і проста пагутарыць.

- Для гэтага давялося завесці старонкі ў «Інстаграме» і «Фэйсбуку». Адкрыў для сябе свет упадабаек і каментароў. Стаў сачыць, што там публікуюць за фатаграфіі і як ацэньваюць маю сціплую працу. Стараюся, вядома, не бавіць у тым інтэрнэце занадта шмат часу, каб жыццё была актыўным. Стараюся мала есці, шмат рухацца, хадзіць больш і шмат усміхацца. Мая суседка з гэтай нагоды нават стала кажа, што я дзіўны. Ну і, безумоўна, ровар.

- Няўжо з сям'ёй і працай яшчэ на штосьці стае часу?

- Доўгія гады я ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і ў хоры пры Чырвоным касцёле. Спявалі там разам з Дзмітрыем Афанасенкам — ён, дарэчы, з гурта «Амагока». Ён пасля гэтага ўпадабаў рок, а я часам задумваюся, можа і мне трэба было паспрабаваць. Ровар жа заўсёды займаў асаблівае месца ў маім жыцці. Некалькі гадоў таму дзеці з Нямеччыны прывезлі сапраўдны горны.

Акрамя таго, жудасна люблю чытаць і маю багатую калекцыю вінілаў, і музычных запісаў на электронных носьбітах.

- Бачу, вы яшчэ ў савецкі час пачалі калекцыю.

- У камуністычныя часы было вельмі цяжка здабыць нешта каштоўнае. Даводзілася нават начаваць пад крамамі, каб набыць альбом. Памятаю, што такім чынам здолеў набыць першы запіс «Beatles», які быў выдадзены ў Рызе, а іншае стараўся здабыць з Польшчы, перакупіць у фарцоўшчыка, штосьці сябры прывозілі з-за мяжы. Памятаю, што нават удалося ў той час набыць арыгінальны «Bee-Gees». Цяпер у маёй калекцыі ёсць запісы з Індыі, Амерыкі і нават Аўстраліі.

- А якая пласцінка самая памятная?

- Яе падарыў сябар. Такую, як на дыскатэках выкарыстоўваюць, на 45 абаротаў — «KISS». Усяго некалькі кампазіцый ўтрымоўвала, гэта цяпер гэтыя запісы на радыё часта выкарыстоўваюць. У савецкі час даводзілася недаядаць, каб сабраць патрэбную суму. Дыск каштаваў 100 рублёў! Як заробак у некаторых ці палова заробку.

Густы

- Як тады выглядала жыццё з такімі растратамі і зберажэннямі?

- Я стараўся хіпаваць у маладосці. Праўда, не вельмі атрымалася. Я быў такім антуражным хіпі: джынсы клёш, доўгія валасы, музыка. Але добрае выхаванне не дазволіла стаць сапраўдным хіпі. Не цягнула мяне да таго дрэннага, што ўласціва сапраўдным хіпі. Свабоднае стаўленне да дзяўчат і наркотыкі адштурхнулі мяне ад гэтай культуры. Так, на той час ужо можна было і наркотыкі здабыць... У мяне былі сябры, якія навучаліся ў Сацыялістычнай Польшчы і маглі здабыць усё, што заўгодна. А тут, наадварот, усе былі высечаныя пад адзін грабянец.

- А якая рэч у гардэробе была самая каштоўная?

- Прыехалі да суседзяў родныя з Аргенціны, уцекачы яшчэ ў даваенны час. Прывезлі джынсы, якія не падышлі дзецям. Дык мы набылі ў іх джынсы за смешныя грошы. Амаль за бесцань. Малады хлопец будзе шпацыраваць па Менску ў новых «Levi Strauss»! Мне здавалася ў тыя дні, што ўсе дзяўчаты на двары глядзяць толькі на мяне.

- Вам падабаецца сучасная мода?

- Мне падабаецца, што цяпер адзенне становіцца смелай і асабістай. Сусвет «зіпера» і «світшота» зусім не бянтэжыць, а нават наадварот. Моладзь цяпер разумее, што яны — асобы, і яны па-рознаму выказваюць сваю ўнікальнасць. У нас ёсць, напрыклад, адзін сталы кліент з зялёнымі валасамі. Для мяне гэта выдатна! Час маладосці хутка праходзіць, і, калі не будзе зялёных валасоў, то, мабыць, і не будзе, што ўспомніць. Мне гэта блізка, так і я стараўся хіпаваць у маладосці. У сучаснай вопратцы захапляе, што ўжо вонкавым выглядам маладыя раскрываюць і дэманструюць сябе. У гэтай краме, напрыклад, адзенне дэманструе не толькі ўзрост або густ, але і падкрэслівае беларускасць. Сёння, здаецца, гэта важна.

Каб любіць Беларусь...

- А чым для вас з'яўляецца беларускасць?

- Я такі з дзяцінства. Нарадзіўся ў Заходняй Беларусі. Пасля доўгі час пражыў за межамі Беларусі, і там, як бы дзіўна не гучала, песня «Каб любіць Беларусь, нашу мілую маму, трэба ў розных краях пабываць» набыла новы сэнс...10 гадоў у Сібіры, і потым праца ў Заходняй Еўропе дазволілі зноўку закахацца ў наш край, яго культуру і кухню. Без кухні было надзвычай цяжка.

- А што было самым жаданым?

- Ды дранікі, бо ў Сібіры за час навігацыі прыходзіла баржа, якая згнівала за 2 месяцы і так, амаль да восені даводзілася жыць без адзінай бульбіны ў доме, а для беларуса — гэта як смерць.

- А ў Еўропе таксама бульбы не ставала?

- Амаль 5 гадоў давялося папрацаваць у структуры «Газпрома» ў Нямеччыне. У Сібіры быў Новы Урэнгой, газ, нафта. Адсюль і праца. Але перад тым было 20 гадоў у сістэме адукацыі. Перад вамі выдатнік сістэмы адукацыі! Калі я паступаў у вучылішча, ледзь не заваліў экзамен па матэматыцы праз дрэннае валоданне расейскай мовай. Ніяк не мог зразумець, як «давесці тоеснасць». Экзаменатар падказаў, што гэта «давесці тоеснасць». Пасля былі два гады ў войску...

У 91-м разваліўся Саюз, нарадзілася малодшая дачка, а ў 92-м я апынуўся ў фірме «Ямбург-Здабыча». Успаміны адтуль самыя выдатныя. Шмат камандзіровак, сустрэч з цікавымі людзьмі, навучанне, былі фантастычныя заробкі. Праўда, там і адчуў розніцу ў ментальнасці паміж немцамі і беларусамі. Беларус заўсёды некалькі прыгнечаны. Немец на кожным кроку цябе сыпле «Гутэн таг», «Аўф відэрзэйн», а ў нас і не вітаюцца і не развітваюцца. Не разумеем, як гэта важна.

- Нават калі казаць пра Заходнюю Беларусь, дзе вы нарадзіліся.

- Ужо малое дзіця, якое выбягала ў двор, бацькамі навучанае абавязкова пакланіцца і вітацца з усімі. Я сам нарадзіўся ў вёсцы, дзе разам жылі палякі і беларусы. Як ведаеш, што ідзе паляк, кажаш: «Дзень добры», а калі беларус — «Добры дзень!»

- А кім вы адчувалі сябе? Палякам ці беларусам?

- Па маці — я паляк, па бацьку — беларус. І адчуваю сябе ў роўнай ступені і тым, і тым. Хоць не, схлусіў, усё ж я на 49% адчуваю сябе палякам, кантрольны пакет — у Беларусі. Гэта не патэтыка. Ты з гадамі ўсё больш разумееш, што ты не homo soveticus, але беларус. Няхай мы пакуль бедныя, нашы дзеці і ўнукі выберуцца. Можна ўсё вытрымаць, калі ведаеш, што над намі ёсць хтосьці.

-- Вы верыце ў Бога? Хіпі, музыка і пры гэтым вера?

- Так. У нашай мясцовасці быў закрыты касцёл. Спачатку яго перарабілі ў склад збожжа, а потым угнаенні мінеральныя захоўвалі. Мы з сябрамі некалькі разоў на год ездзілі ў Нясвіж, там дзейнічаў Фарны касцёл. Міліцыянты нас вылоўлівалі. Бацькі з розуму сходзяць, а мы пешшу вяртаемся дадому. Можна ў такой сітуацыі было пастукацца ў кожную хату пад тым самым Сновам — пагрэцца і адпачыць. Але нам, маладым, было смешна ўсё гэта, праблем не было.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках