Справа работніцы мэтро
26- Севярын Квяткоўскі
- 17.01.2017, 18:16
- 16,798
Грамадзянін, які прыехаў у чужы манастыр са сваімі статутам, справакаваў адваротную рэакцыю.
— «У кнізе гэтай (скаргаў і прапановаў) рэальна шмат было запісаў падзякі, гэтыя вашы інтэрнэты і ў рэале няблага працуюць» — піша Zaza Gašek пра спантанную акцыю падтрымкі работніцы мэтро, на якую напісаў скаргу грамадзянін Расеі за тое, што спадарыня зьвярнулася да яго па-беларуску.
Расейцы не разумеюць моўную сытуацыю ў Беларусі, а таму гэты грамадзянін, які прыехаў у чужы манастыр са сваімі статутам, справакаваў адваротную рэакцыю. Людзі пачалі салідарызавацца, пішучы ў кнігу скаргаў і прапановаў словы падзякі работніцы.
Не зьдзіўлюся, калі большасьць тых, хто падтрымаў, расейскамоўныя ў жыцьці. Думаю, ня ўсе разумеюць, як такое можа быць: у жыцьці гаворыш па-расейску, але падтрымліваеш беларускую мову.
Памятаю, як калісьці ў Крыме ў кавярні расейскі турыст у грубай форме адгукнуўся пра ўкраінскую мову ў тэлевізары, і як атрымаў нечаканы для сябе адлуп ад іншых — украінскіх — турыстаў, якія між сабой гаварылі расейскай мовай.
Як і ва Ўкраіне, у Беларусі расейская мова мае тэхнічны статус. На расейскай мове ня створаны прыкметны пласт літаратуры, напрыклад. А беларуская літаратурная мова — гэта мова адукаваных актыўных людзей. Хай сабе на ўзроўні знакаў, а не тэхнічнай камунікацыі. «Мне ўжо ляніва нанова вучыцца, а вось дачку я аддаў у беларускамоўную школу», — кажа мне знаёмец.
Так, для большасьці людзей складана нанова вучыцца, многія камплексуюць з-за недасканаласьці веданьня, ня хочуць рабіць памылкі. Зноў жа, гаворка пра адукаваных актыўных людзей. Урэшце менавіта гэтая меншасьць у любым грамадзтве вядзе рэй.
«Для мяне беларуская мова ў рэкляме і на этыкетках — адзін з атрыбутаў цывілізаванай дзяржавы, якой мне, расейскамоўнай беларусцы, не хапае», — тлумачыць па-расейску адна мянчанка.
Пытаньне беларускай мовы ў Беларусі цывілізацыйнае. Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка адразу адмяніў нацыянальную сымболіку і беларусізацыю. Дэ-факта ўсё вярнуў на ўзровень БССР.
Я ўсё думаў, чаму не пайшоў далей? Ён жа тады на хвалі эўфарыі свайго электарату мог рабіць што заўгодна, мог зусім беларускую мовы вывесьці з ужытку: указальнікі і шыльды перавесьці на расейскую, напрыклад.
Думаю, нават людзі з псыхалёгіяй «крэпкіх хазяйсьцьвеньнікаў», чужых «вот этай всёй вашай культуры», нават гэтыя людзі разумеюць, што пытаньне моваў, а тым больш у Беларусі — вельмі тонкая матэрыя, зь якой нельга рэзка абыходзіцца, бо яе складана вывучыць і прадбачыць вынікі сваіх дзеяньняў. Цяпер сеціва зьмяняе сытуацыю і з вывучэньнем моўнай матэрыі.
У гісторыі з работніцай мэтро мяне ўразіла, як спрацавала інфармацыя ў сацсетках. Жанчыне рэальна дапамаглі, ніякіх спагнаньняў зь яе ня будзе, бо ўнутры дзяржаўнай сыстэмы «кніга скаргаў» — рэальны інструмэнт уплыву на работнікаў.
Самы галоўны вынік — людзі ўбачылі, што ў выпадку чаго ім таксама дапамогуць. Так зьнікае страх самоты. Так атамізаванае грамадзтва паціху зьляпляецца ў малекулы і выбудоўвае новы арганізм.
Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»