28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Берасцейшчыне адбудзецца аўтапрабег у гонар Касцюшкі

4
На Берасцейшчыне адбудзецца аўтапрабег у гонар Касцюшкі

Грамадскі аргкамітэт для ўвекавечання памяці Тадэвуша Касцюшкі рыхтуецца зладзіць аўтапрабег па мясцінах, дзе нарадзіўся і жыў змагар за свабоду.

Удзельнікі плануюць наведаць Сяхновічы, Крупчыцы і Косава.

Чалец аргкамітэту Аляксандр Мех з Кобрына сказаў «Радыё Свабода», што ў гэтым годзе праграма ўшанавання памяці Тадэвуша Касцюшкі будзе шырэйшай, чым звычайна:

«4 лютага, у дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, плануюцца ўрачыстасці ў ягоны гонар ва ўрочышчы Мерачоўшчына каля Косава (Івацэвіцкі раён). Прыедуць дыпламаты, прадстаўнікі ўладаў і грамадскасці, будуць выступы, экскурсія ў сядзібу Тадэвуша Касцюшкі. Гэта традыцыйныя мерапрыемствы, якія праводзяцца штогод. Аднак у гэтым годзе наш аргкамітэт надумаў пашырыць святкаванне гадавіны нараджэння нацыянальнага героя. У нашай праграме будзе заезд у музей у Сяхновічах (Жабінкаўскі раён), дзе выступяць навукоўцы. Потым паедзем у Крупчыцы, на месца вялікай бітвы паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі з расейскімі войскамі Суворава. Адтуль прыедзем ужо ў Косава, дзе будуць праходзіць афіцыйныя мерапрыемствы».

Мех уважае за недастатковае ўвекавечанне змагара за свабоду, якое праводзіцца на афіцыйным узроўні:

«Прыкра, што сярод грамадскасці цікавасць да гэтага свята зніжаецца. Гэта адбываецца таму, што ўлада ў нас не беларуская, а антыбеларуская. І вынік яе дзейнасці такі, што такія святы не адзначаюцца на высокім дзяржаўным узроўні. Таму мы як грамадзяне павінны займацца годнай пашанаю памяці Тадэвуша Касцюшкі».

Памяць Тадэвуша Касцюшкі штогод ушаноўваюць 4 лютага ў Косаве ў сядзібе, дзе цяпер музей. Звычайна сюды прыязджаюць замежныя дыпламаты, іх сустракае кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкама і прадстаўнікі Берасцейскага аблвыканкама. З розных гарадоў Беларусі з'язджаюцца прадстаўнікі грамадскасці. Пасля ўскладання кветак да каменя з рэльефам Касцюшкі прысутныя ідуць на экскурсію ў сядзібу, а дыпламаты дораць музею экспанаты, звязаныя з эпохай Касцюшкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках