25 красавiка 2024, Чацвер, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты гатовыя пачаць працэдуру імпічменту «дэпутатаў», якія падтрымліваюць дэкрэт «аб дармаедах»

33
Актывісты гатовыя пачаць працэдуру імпічменту «дэпутатаў», якія падтрымліваюць дэкрэт «аб дармаедах»

Актывісты заклікалі магілёўцаў уступаць у ініцыятыўныя групы для адклікання дэпутатаў «палаткі» ад Магілёва.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў заявіў, што выступаючы за дэкрэт «аб дармаедах», «дэпутаты» «палаткі» выконваюць волю чыноўнікаў, а не выбарцаў, піша БелаПАН.

У лістападзе—снежні 2016 года грамадскія актывісты сабралі ў Магілёве больш за 500 подпісаў пад патрабаваннем да «дэпутатаў» «палаткі» ад абласнога цэнтра аб скасаванні дэкрэта аб «дармаедах».

У калектыўным адказе дэпутаты Вольга Петрашова, Пётр Салаўёў і Аляксандр Старавойтаў заявілі, што прычын для скасавання дэкрэту №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 года няма.

Шанцаў абвінаваціў «дэпутатаў» ад Магілёва ў ігнараванні меркавання выбарцаў.

«Калі да цябе звяртаюцца выбарцы з патрабаваннем скасаваць тое, што вельмі дрэнна, няма чаго апеляваць наогул да чыноўнікаў, якія проста супрацьстаяць насельніцтву. Збор подпісаў паказаў, на чыім баку гэтыя нашы магілёўскія «дэпутаты». Яны ўсе былі не на баку народа, які іх «выбраў», а на баку чыноўнікаў», — сказаў прадстаўнік АГП.

Ён адзначыў, што Салаўёў, Старавойтаў і Петрашова напісалі, што ёсць ваша меркаванне, але ёсць і іншае меркаванне.

«Але меркаванне павінна на чымсьці грунтавацца. Маё меркаванне заснаванае на здаровым сэнсе, на выяўленні грубейшага парушэння Канстытуцыі, на тым, што так нельга са сваім народам рабіць. А ў іх напісана, што ў рэспубліцы праводзіцца сістэмная праца для стварэння новых працоўных месцаў. Але ў выніку гэтай працы ў Беларусі колькасць звольненых на 100 тысяч большая, чым колькасць прынятых на працу. Гэта значыць 100 тысяч чалавек страцілі працу. Ім чыноўнік штосьці даў, яны слепа перапісалі і нічога не праверылі», — заявіў апазіцыянер.

З ягоных слоў, трэба, каб тыя, хто галасаваў за гэты дэкрэт, адчувалі сябе няўтульна і разумелі, што крыніцай улады ў Беларусі з'яўляецца народ.

«Найбліжэйшым часам хтосьці з «дэпутатаў» атрымае 300 подпісаў з патрабаваннем даць справаздачу, а далей будзем глядзець на абставіны», — сказаў Шанцаў, адзначыўшы, што працэдура адклікання дэпутата вельмі складаная, але актывісты гатовыя пачаць.

Ён заклікаў магілёўцаў уступаць у ініцыятыўныя групы для адклікання дэпутатаў «палаткі» ад Магілёва.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках